На мяжы затрымалі Яўгена Скрабца

У траўні Яўген Скрабец трымаў галадоўку на знак салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам.

Беларускія памежнікі 4 ліпеня а сёмай раніцы затрымалі на мяжы зь Літвой актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» зь Берасьця Яўгена Скрабца.

Яўген толькі пасьпеў паведаміць сябрам, што яго зьнялі зь цягніка й задаюць пытаньні наконт ваенкамату.

Пасьля гэтага сувязь зь ім перарвалася, і што цяпер з актывістам, невядома.

Тыдзень таму міліцыянты затрымалі Яўгена Скрабца й адвезьлі ў ваенкамат, хоць ён мае адтэрміноўку па стане здароўя. У ваенкамаце актывісту далі накіраваньне на новае мэдычнае абсьледаваньне й адпусьцілі.

Таму сябры Яўгена мяркуюць, што памежнікі маглі затрымаць актывіста, каб адправіць у вайсковую частку, як гэта было зь іншымі актывістамі моладзевага дэмакратычнага руху, што трапілі пад гвалтоўны прызыў.

Праз некалькі гадзін Яўгена Скрабца адпусьцілі.