Сьледзтва па справе Аўтуховіча падоўжылі

Мікалай Аўтуховіч, фота з архіву

Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка застаюцца за кратамі. Аўтуховіч працягвае галадоўку, якую пачаў 16 красавіка.

Сьледзтва па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі ў чарговы раз працягнута. На які тэрмін — пакуль невядома. Пра гэта БелаПАН паведаміў адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка.

Тэрмін сьледзтва ў дачыненьні да затрыманых прадпрымальнікаў закончыўся 3 ліпеня. "Калі іх ня выпусьцілі, значыць, сьледзтва падоўжылі. Мне невядома, на які тэрмін: па законе адвакатам пра гэта не паведамляюць", — сказаў Сапелка.

Адвакат таксама паведаміў, што стан здароўя яго падабароннага — "дрэнны". Тым не менш, Аўтуховіч працягвае галадоўку.

Актывісты прадпрымальніцкага руху Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. Усе трое цяпер знаходзяцца ў сьледчым ізалятары № 1 Менска. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачаньне па артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці). 23 чэрвеня стала вядома, што Аўтуховіч прызнаны падазроным ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконныя дзеяньні са зброяй і боепрыпасамі).
З 16 красавіка Аўтуховіч праводзіць галадоўку, патрабуючы ў самы кароткі тэрмін або перадаць справу ў суд, або зьмяніць усім падсьледным меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. За гэты час ён страціў больш як 20 кіляграмаў вагі.
Беларускія праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязьнямі.