Расейцы абяцалі выправіць 150 дэфэктаў з 1082

Расея не чакала ад Беларусі перакрыцьця нафтаправоду. Кампанія «Транснафтапрадукт» сьцьвярджае, што не парушала пляну ліквідацыі дэфэктаў на ўчастку «Унеча-Вэнтспілс».
«Комплексная дыягностыка праводзілася ў канцы 2008 году. Па выніках праверкі было выяўлена 1082 дэфэкты. Але справаздачу Дзяржкамнагляду мы атрымалі толькі ў чэрвені 2009 году і ў чэрвені ж узгаднілі зь беларускім бокам плян ліквідацыі дэфэктаў на 2009 год – 150 дэфэктаў, аднесеных да першай групы. Паводле гэтага пляну мы двойчы за месяц на 4 дні спыняліся на прафіляктыку. Мы сумленна ад 16 ліпеня сталі на прафіляктыку, і раптам 17 ліпеня зьявілася прадпісаньне спыніць пракачку. Гэта было нечакана», – заявіў РИА «Новости» прэзыдэнт “Транснафтапрадукту” Ўладзімер Назараў.

Паводле яго, пракачка ў Вэнтспілс была абмежаваная яшчэ раней, каб зьнізіць ціск на беларускім участку трубаправоду.

Тэрміны аднаўленьня пракачкі на гэтым участку нафтапрадуктаправода ён назваць ня змог.