Заводы не пасьпяваюць за малаком

Прадпрыемствы шэрагу рэгіёнаў Беларусі не пасьпяваюць аформіць дакумэнты для пастаўкі малака ў Расею.

Дагэтуль ня вырашаныя пытаньні атрыманьня расейскіх сэртыфікатаў на малакаперапрацоўчых прадпрыемствах Гомельскай, Берасьцейскай, Менскай абласьцей і Менску. Пра гэта на пасяджэньні Савету міністраў паведаміў віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза. Прадпрыемствы не пасьпяваюць да 1 жніўня аформіць дакумэнты для пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею.

Прадпрыемствы Менску і Менскай вобласьці не атрымалі ніводнага сэртыфікату, а ў Берасьцейскай з 167 пробаў толькі на 57 ёсьць сэртыфікаты, у Гомельскай — з 184 на 53.

“Калі ня будуць атрыманы дакумэнты ў тэрмін, то можна казаць пра бязьдзеяньне кіраўнікоў прадпрыемстваў”, — сказаў І.Бамбіза.

Яшчэ 17 ліпеня кіраўнік “Роспотребнадзора” Генадзь Анішчанка заявіў журналістам у Маскве, што Беларусь не пасьпявае выканаць усе патрабаваньні расейскага тэхнічнага рэглямэнту на малако і малочныя прадукты да 1 жніўня, аднак замест “навядзеньня парадку ў гэтай галіне надае праблеме залішнюю палітызацыю”.

Паводле Анішчанкі, беларускае кіраўніцтва “вядзе працу на скасаваньне дасягнутых 17 чэрвеня дамоўленасьцяў па доступе на расейскі рынак беларускай прадукцыі паралельна з афармленьнем дакумэнтаў у адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам”.

Кіраўнік “Роспотребнадзора” ўдакладніў, што пра гэта сьведчаць “некампэтэнтныя лісты з абвінавачваньнямі на адрас Расеі” з боку Менску.

Галоўны санітарны спэцыяліст Расеі заявіў: яму ўжо сёньня відавочна, што беларускі бок да 1 жніўня ня выканае сваіх абяцаньняў. Да той малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца цяпер на расейскі рынак зь Беларусі, у адпаведных санітарных службаў існуюць сур’ёзныя прэтэнзіі адносна мікрабіялягічных і фізыка-хімічных паказчыкаў.

“Гэта сьведчыць пра тое, што замест навядзеньня парадку на вытворчасьці ўнутры краіны Беларусь палітызуе праблему дзеля рашэньня задач, далёкіх ад інтарэсаў вытворцаў і спажыўцоў. Усё гэта дае нам падставы прымаць рашэньні, не абцяжараныя дамоўленасьцямі ад 17 чэрвеня”, — зазначыў Генадзь Анішчанка.

“Малочная вайна” з Расеяй прывяла ня толькі да фінансавых стратаў вытворцаў малочнай прадукцыі: шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў пазбавіліся сваіх пасадаў.

Савет міністраў абавязаў аблвыканкамы звольніць ад 15 ліпеня дырэктараў акцыянэрных таварыстваў “Акцябрскі завод сухога абястлушчанага малака”, “Аршанскі малочны камбінат”, “Быхаўмалако”, “Слуцкі сыраробчы камбінат”, “Слонімскі мясакамбінат”.