Матылькі і ўраганы. Тыдзень з блогерам

balachon

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень. На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе balachon --> http://balachon.livejournal.com/ .
У дзяцінстве, гледзячы на матылькоў, многія з нас проста цешылі вочы. Уражваць магла і іх прыгажосьць, і іх легкакрылае лётаньне. Цяпер зірнуць тымі самымі вачыма на матылькоў бывае вельмі складана. Культурныя коды, якімі набітая галава, адсоўваюць чыста эстэтычнае ўспрыняцьце на другі-трэці плян. Цяпер пры паглядзе на матылькоў немінуча згадваецца то кітайскі мудрэц Чжуанцзы са сваім знакамітым сном, то Эдвард Лёрэнц з эфэктам матылька: “Матылёк, які трапеча крылцамі ў Аёве, здольны выклікаць лявіну эфэктаў, якія могуць дасягнуць найвышэйшай кропкі ў сэзон дажджоў у Інданэзіі”. І пасьля такіх згадак проста ніяк не адвабіцца ад філязофскага настрою. Многія беларускія блогеры часьцяком дэманструюць гэты настрой, зважаючы і на дробязі, і на глябальнае.



Крылатыя госьці і забабоны


Блогер feduta шчыра дзівіцца тым самым матылькам: “Проста неверагодная колькасьць матылькоў. Столькі „паўлінавых вачэй“ я за ўсё жыцьцё ня бачыў! А тут яшчэ крапіўнікі. Нейкі жалобна-чорны зь ярка-жоўтым шлякам (бачыў толькі аднойчы), лімоньнікі і капусьнікі — нават пэўная рэдкасьць на агульным тле. Адным словам, лета задалося”. А вось і fes_by дачакаўся госьця, які схіляе да разваг: “Толькі што ў мой пакой уляцеў матылёк. Цікава, да чаго гэта… Убачыўшы яго, я пасьпяхова дапамог яму дабрацца да вакна”.

Застаецца спадзявацца, што матылькі, якіх убачылі feduta і fes_by, не справакуюць ні ўраганаў у Антарктыдзе, ні залеваў у Сахары, ні зьменаў кіраўніцтва ў Livejournal.

Зрэшты, хто яго ведае… Цяжка быць матэрыялістам і не даваць веры забабонам. Дарэчы, пра адзін з сучасных забабонаў піша grafamanka. Яна прыгадвае прыкмету, пачутую ад сваёй цёткі: у дзень вясельля маладыя павінны трымацца толькі разам, не дазваляючы нікому паміж імі стаць або прайсьці. І ў якасьці доказу гэтай прыкметы блогерка прыводзіць уласнае назіраньне: “Гомель. Каля парку па суботах традыцыйна шмат “вясельных” машын. Ля адной стаяць маладыя: толькі прыехалі. Госьці вылазяць з аўтамабіляў, фатограф шукае новыя ракурсы… А да вясельнай працэсіі набліжаецца групка хлопчыкаў. Пацаняты такія, у спартыўных касьцюмах.

Маладыя па-ранейшаму стаяць ля машыны, чакаючы невядома чаго… А хлопчыкі накіроўваюцца ў парк. Чатыры зь іх абыходзяць шчыльна прыпаркаваныя аўто ды сьвяточна апрануты натоўп. Пяты ж мэтанакіравана ідзе да маладых. Ён хоча прайсьці паміж імі, але маладая адштурхоўвае яго… Бедная! Малы чорцік ледзь не сапсаваў яе шчасьця…“Някепскі сюжэт для фантастычнага фільма з абыгрываньнем розных варыянтаў імавернае будучыні гэтай шлюбнай пары.

Лірычныя інтраспэкцыі


Тым часам siarzh, вядомы сваім перакладам на беларускую “Байцоўскага клюбу” Чака Паланіка, ва ўсю здымае фільмы, пра што апавядае ў сваім новым вершы:

[оскар]

мае сны пра Цябе
атрымаюць Оскара

за найлепшы сцэнар
жаночую ролю першага пляну
і спэцэфэкты

нууу… і вядома ж
за
найлепшую рэжысэрскую працу

у кожным кінатэатры
іх будуць сьніць

а калі я прачнуся
Ты будзеш побач —

найдаражэйшая
з усіх у сьвеце

узнагарода


А khadanovich засьведчыў сваю ўвагу да навакольных дробязяў: “Выходжу з мэтро і назіраю забаўную карцінку. Стаіць дзяўчына, а хлопец ззаду праз тканіну майкі спрабуе зашпіліць (ці расшпіліць, ня ведаю) ёй станік. Усё б нічога, толькі хлопец у форме МЧС. Як вы думаеце, выклікала ці сам прыйшоў на дапамогу?” А хтосьці, занураны ў свае думкі, проста б прайшоў міма і нічога б не заўважыў.

Зрэшты, і зануранасьць можа быць рознай. Хтосьці ў дарозе і па-за ёй думае пра батон, а хтосьці — пра верагоднасьць адшукаць у батоне брыльянт. Выдатны прыклад лірычнай інтраспэкцыі дае ў сваім блогу lijana:

Апошнім часам тут капітальна не да сну. Ночы не хапае, каб прыдумваць сцэнары сваіх дзённых дзействаў, а потым варта скрыпнуць шоўку, варта скрывіцца вуснам — і лятуць каралі са стукам на падлогу, на паркет, на тратуар, сьлёзы, візгі, гармоны і о такое адчуваньне пахаў, што ў сунічным латыскім малаку траціш здаровы розум, а ў аўтобусе, набітым сьмярдзючымі тушканчыкамі, паказваеш нораў, гучна выдыхаючы праз нос.

У мяне застаўся роўна дзень, каб прывесьці ўсё ў парадак і правесьці сябе на цягнік. Я гляджу на еці, еці і еці нагавіцы, на еці 30 маек, на еці 40 сандаляў, дзе ў паловы няма пары, і, здаецца, ніколі не спынюся лічыць майткі, майкі, шкарпэткі, спадніцы, грошы, гадзіны і незавершаныя справы, даадкладаныя да апошняга моманту”.



Энтрапія асабістых сусьветаў


Антон Кашлікаў (kashlik), аўтар расейскамоўнага зборніка прозы “Лузер”, зараз перабывае ў вёсцы. Невядома, ці разглядаў ён у гэтым сэзоне палёты матылькоў. Але прыкметы ўрагану ў яго душы здаюцца відавочнымі: “Пішу вялікі тэкст. Жыву разам з гэтымі дзіўнымі тыпамі-героямі, яны высьвятляюць адносіны, хочацца хаця б за іх усё выправіць, пражыць гэтыя жыцьці, але яны неслухі. Той лёс, які я для іх рыхтаваў, карэктуецца штодня. Учора, напрыклад, у вёсцы не было сьвятла, і я быў змушаны пакінуць іх у спакоі — што яны рабілі безь мяне?



Сёньня восем гадоў, як памёр дзед, мамін бацька. Ува мне ёсьць сэнтымэнтальнасьць і чульлівасьць, і вось яна дакладна ад яго”.

Цікава, дзе і як страпянуў крыламі матылёк, каб блогер palitekanom у суполцы by_mova разрадзіўся вельмі спрэчным допісам? Цытуем: “А на чорта ўвогуле абазначаць графічна тое “ў”? Каб расійскамоўным было зразумела, што гэта ня іхняе “у”? Ці ня ёсьць такое стаўленьне праявай нізкапаклонства перад носьбітамі асноўнай мовы Расійскай Фэдэрацыі? Бо любы хоць крыху адэкватны сучасны чалавек у стане запомніць, калі “у” чытаецца як “ў”.

UPD. Я кажу не пра неабходнасьць выкіданьня літары, а пра наданьне “ў” факультатыўнага статусу — як для “ё” ў рускай”.

Камэнтатары падзяліліся на праціўнікаў і прыхільнікаў гэтай нечаканай прапановы. Адзін з найбольш адэкватных адказаў у камэнтарах даў b0rmann: “Паспрабую троху абагульніць тое, што на гэтую тэму думаю.

Так, літары “ў” можна без праблемаў надаць факультатыўны статус, можна яе нават выкінуць. Бо прынцыповай патрэбы ў ёй няма.

Але што мы з гэтага будзем мець так карыснага, каб пайсьці на гэта?

Лічу, што ёсьць добрай беларускай традыцыяй ня корпацца ў тым, што па-сапраўднаму не перашкоджвае жыць.

А нейкая літарка мне дакладна на назе не стаіць і ў воку не запіхнутая.

Нашто тады павялічваць энтрапію сусьвету змаганьнем зь неіснуючай праблемай?“

Гомельскага рэаліста матыльковыя крылцы над літарай “у”, напэўна, хвалююць мала. Ён займаецца зараз незваротным расьсейваньнем энэргіі на тое, каб унікнуць вайсковых ботаў і пасьпець паступіць у ВНУ для атрыманьня другой вышэйшай адукацыі. “Недзе за тыдзень да прызыву я пайшоў да лекара са скаргамі на пагаршэньне слыху, — піша блогер. — Лекар, агледзеўшы, сказаў, што ў мяне скрыўленьне носавай перагародкі і ўсё адно давядзецца рабіць апэрацыю, інакш слых будзе рабіцца горшым. Я думаю, калі апэрацыю трэба рабіць, дык ужо ж лепей зараз, чым потым, пасьля войска. І ў дзень прызыву я лёг у больніцу на апэрацыю.

Не зважаючы на тое, што на зваротным баку позвы ў ваенкамат напісана, што “хвароба грамадзяніна, зьвязаная са стратай ім працаздольнасьці”, зьяўляецца паважнай прычынай, з ваенкамату тэлефанавала разьятраная жанчына ў сем гадзін раніцы ў дзень маёй меркаванай яўкі і запатрабавала, каб у ваенкамат прынесьлі дакумэнт, а інакш яна падае ў росшук.

Дакумэнт быў пададзены, і зараз усё суцішылася. Да наступнага прызыву”.

У шпітальнай палаце за неадбытым прызыўніком назіраў вельмі адметны сусед:



Апошнія промні


Фотаблогер dyadyavasya вывесіў здымак рудавалосай дзяўчыны, якая зь ледзь прыкметнай сумна-іранічнай посьмешкай праводзіць сонца, якое зьнікае за даляглядам.



А sweety_crazy зьмясьціла ў блогу некалькі фатаздымкаў з сабою, папераджаючы фрэндаў: “Так-так, усе завалена, фатаграфаваліся ўсьляпую, у цемры”.



Што, праўда, фрэндам не перашкодзіла асыпаць паненку матылькамі сваіх ураганна захопленых рэплік.