"Сельсаветы паступова пераўтворацца ў муніцыпалітэты"

Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 1 верасьня.
Сёньня — Дзень ведаў.

Спадарыня: “Раіса Мікалаеўна, Магілёў. Віншую ўсіх беларускіх школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў са сьвятам першага дня новага навучальнага году. Зычу ім плёну ў нялёгкай працы. Я мела шчасьце ў 50—60-я гады вучыцца ў школе на роднай мове. Навучаньне ў тэхнікуме на рускай мове для нас не было вялікай цяжкасьцю. Мы ж беларусы: патрэбна, значыць, будзем вучыцца, абы толькі атрымаць прафэсію. А зараз людзі з вышэйшай, а часта пэдагагічнай адукацыяй крыкам крычаць: мы ня можам, і дзеці ня змогуць. Атрымліваецца, што маё пакаленьне ад газоўкі было больш здольнае, чым цяперашняе ад тэлевізара і кампутара. Ад 1992 году я паступова вярнулася да роднай мовы і ўжо шмат гадоў размаўляю выключна па-беларуску. Усе, хто чуе ад мяне беларускую мову, паводле іх словаў, чуюць яе ўпершыню ад так званага простага чалавека. І абсалютная большасьць шкадуе, што мова не гучыць нідзе і што яны не валодаюць беларускай мовай. А закончу тэлефанаваньне радком паважанага Рыгора Іванавіча Барадуліна:

Мы ўсмак наеліся эрзацу
І наслужыліся панам.
На роднай мове агрызацца —
Адно, што засталося нам”.


Наступны слухач крытыкуе Радыё Свабода і праграму “Званкі на Свабоду” за тое, што мы даем слова расейскамоўным суразмоўцам:

Спадар: “Беларуская мова — гэта сьвяшчэнны гук, знак вышэйшай экалёгіі ў сьвеце, таму недарэчна чуць на Радыё Свабода “русскую речь”. Гэта як абраза таго юнака, што цьвёрда трымаўся на дапросе”.

Цікава даведацца, што думаеце наконт гэтага меркаваньня вы, шаноўныя слухачы Свабоды. Дарэчы, на мінулым тыдні мы расказвалі, як адміністрацыя Белавескай пушчы нават без асаблівага допыту “папрасіла” даўняга аўтара нашага Радыё, журналіста, эколяга Валера Дранчука выселіцца з гатэлю і пакінуць цэнтральную сядзібу ў Камянюках. Слухаем чарговае тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Я б хацела падзяліцца сваім меркаваньнем з Валерам Дранчуком. У іх там што-што, а інфармацыя добра пастаўленая. Калі вы яшчэ бралі ровар у пункце пракату, у іх ужо трашчалі тэлефоны і яны білі трывогу, што да іх едзе карэспандэнт Радыё Свабода, а дакладней — апазыцыя. Вось таму яны і пхалі вас у шыю. Тыя, каму ўлада добра прыплаціла, бязьлітасныя ня толькі да апазыцыі, але і да ўсяго на сьвеце. Для іх галоўнае — выжыць любой цаной”.

Камэнтуе журналіст, эколяг Валер Дранчук:

Валер Дранчук
“Вось цяпер, менавіта ў тых умовах, у якіх мы знаходзімся, прэцэдэнт майго выгнаньня з пушчы больш важна скарыстаць для калектыўных дзеяньняў — каб нам усім разам як мага больш казаць праўды. Я зь Белавежы прывёз больш за сотню выкрывальных фотаздымкаў — рыхтую фотавыставу. Вось тут і патрэбная калектыўная падтрымка. Буду чакаць, вялікі дзякуй”.

Тэму ўзаемаадносінаў улады і грамадзтва працягвае наступнае тэлефанаваньне:

Спадар: “У Беларусі ўсё прыкрыта сарафанам улады зь беззаконьнем дзяржавы. Таму народ апусьціўся ў яму нэндзы і галечы, бо ўлады пускаюць руку народу ў кішэню і цалкам апустошваюць”.

Наступны званок канкрэтызуе сытуацыю:

Спадарыня: “Зараз змалаціць тое няшчаснае зерне — я вось бацькам малаціла — у іх 25 сотак, а я аддала 100 тысяч. А мне самой трэба малаціць — трэба аддаць 300 тысяч. А пэнсія складае 150 тысяч. Алімэнты на дзяцей складаюць 170 тысяч. Ці ж я магу змалаціць? Змалачу — дык я галодная буду сядзець разам зь дзецьмі. Хіба ж гэта ня нізка? Чаму такая няўвага да людзей?”

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэты крык адчаю грамадзкага рэдактара тыдня — грамадзкага актывіста зь Ліды Станіслава Судніка.

Станіслаў Суднік
“Вось толькі што я капаў бульбу, дык прыехаў прыватнік са сваёй капалкай і прайшоў усе соткі ўсяго за 20 тысяч. Мы непазьбежна мусім рухацца да стварэньня сельскіх муніцыпалітэтаў. Рух гэты ідзе сам па сабе. Вось у маёй вёсцы, адкуль я родам, на сёньня сельсавет набыў камбайн і малоціць дзялкі вяскоўцаў. У іншым сельсавеце набылі малакавоз… То бок непазьбежна рухаемся да таго, каб сельсаветы паступова пераўтвараліся ў муніцыпалітэты, якія б мелі сваю ўласнасьць і дапамагалі людзям”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.