Палескія акцэнты Аляксандра Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка завяршыў сваю паездку па беларускім Палесьсі. Зь Берасьцейшчыны, дзе быў учора, ён вярнуўся ў сваю летнюю рэзыдэнцыю на Прыпяці, што блізу вёскі Кабачок у Петрыкаўскім раёне. А ўжо з раніцы быў у Жыткавіцкім раёне, дзе інспэктаваў ход уборкі кукурузы з выкарыстаньнем кормаўборачнай тэхнікі беларускіх сельгасмашынабудаўнікоў. Там жа ён выступіў зь некалькімі заявамі.

У Тураве Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў пашыраць на Гомельшчыне сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі, павялічваць выпуск прадукцыі ў зьвязку з тым, што “сёньня адкрываюцца калясальныя рынкі, попыт на прадукты харчаваньня будзе неймаверным”. Апрача таго ён заявіў, што дзяржава возьме на сябе “50 адсоткаў кошту гадавых прац па аднаўленьні мэліяраваных земляў”, і знайсьці гэтыя грошы для Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей, паводле Лукашэнкі, не праблема.

Аднак ня толькі ўнутраныя праблемы турбавалі Аляксандра Лукашэнку падчас візыту на Палесьсе. Ён аптымістычна выказаўся наконт уступленьня мытным хаўрусам Беларусі, Расеі й Казахстану ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Апошняя нібыта сама зацікаўленая ў гэтым.
Мы ня можам залежаць ад аднаго месца ў пастаўках энэргарэсурсаў


Перад журналістамі Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць вывучэньня праектаў дывэрсыфікацыі паставак у краіну энэргарэсурсаў і нават удзелу ў праекце “Адэса — Броды” пры ўмове, што гэта будзе плённа й эфэктыўна.

“Мы ня можам залежаць ад аднаго месца ў пастаўках энэргарэсурсаў”, — заявіў Лукашэнка. Аднак “пакуль выгадней атрымліваць вуглевадароды з Расеі”.

У стасунках зь Міжнародным валютным фондам, паводле кіраўніка дзяржавы, Беларусь ня будзе браць на сябе таго, чаго ня вытрымае. “Галоўная сёньня фінансава-эканамічная праблема — захаваньне стабільнасьці рубля”, а з ростам цэнаў, паводле словаў Лукашэнкі, “праблем быць не павінна”.

Адрынуў спадар Лукашэнка і цьверджаньні пра тое, што пасьля ягонай нядаўняй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Сочы Беларусь вяртаецца да ўсходняга вэктару: “Развароту, павароту няма й быць ня можа”. У Беларусі, маўляў, шматвэктарная зьнешняя палітыка, а “Расея была й будзе братняй, роднай дзяржавай”.

Увогуле Лукашэнка кажа, што хоча слухаць “усіх на Ўсходзе й Захадзе”, а жыць — “сваім розумам”.