Віетнамскі культ беларускага Зьвера

Стась Івашкевіч

“In Minsk we trust!!!” -- нечакана грымнула шумная англамоўная кампанія ў мяне за сьпінай і пачала гучна чокацца. Думаючы, што падалося (усё адбывалася ў андэграўндавым шынку на ўскрайку Ханою) я, прыслухаўшыся, аднак ізноў выдзеліў са шматгалосага гогату яўнае “Minsk” і “Belarus”. Пасьля месяцу камандзіроўкі ў віетнамскай сталіцы мне ўжо самі эўрапейскія твары выглядалі нязвыкла. А тут – ледзьве не "Жыве Беларусь!" скандуюць – сюр...

Гэты ўспамін усплыў перад маімі вачыма, калі, гартаючы ў Празе нядзельны выпуск The Wall Street Journal я натрапіў на агляд прысьвечаны легендарнаму ў краінах трэцяга сьвету матацыклу "Minsk", беларускага Мотавелазаводу.

У прыватнасьці, ў артыкуле апавядаецца пра Ханойскі фан-клюб нашага матацыклу, вядомага сярод аматараў пад мянушкай “Beast from Belarus”. Культ “беларускага Зьвера”, на якім перасоўваецца значная частка віетнамскай правінцыі, на сёньня аб'ядноўвае і замежнікаў у Індакітаі.

Відэа: Ханойскі “Мінск Клаб”


Грымучы старт


Адзін з флягманаў савецкай мотаіндустрыі і Alma Mater брэнду – завод Мотавела быў пабудаваны ў апошнія дні Другой Усясьветнай вайны на месцы разбамбаванай мэблевай фабрыкі на ўскрайку Менску. Ужо праз некалькі год ён запусьціў на трафейным нямецкім абсталяваньні сэрыю матацыклаў са 125-сантымэтровым рухавіком, які не саступаў усясьветным хітам таго часу Harley Davidson ды Yamaha.

Сярод лідэраў ён, аднак, пратрымаўся нядоўга. Нават да сёньняшняга дня, нягледзячы на шэраг удасканаленьняў, “цуд-машына” засталася вельмі набліжанай да першапачатковай мадэлі – 1951-га году выпуску.



Заняпад


Згубіўшы напрыканцы стагодзьдзя эўрапейскіх і ўнутраных спажыўцоў, Мотавела аднак знайшоў стабільны рынак збыту ў краінах трэцяга сьвету. Дзякуючы мізэрнай цане (каля $500 у Віетнаме) а таксама прымітыўнай канструкцыі, што дазваляе рамонт у хатніх і нават дарожных умовах – “Мінск” стаў неад’емнай часткай быту вяскоўцаў ад Віетнаму да Манголіі, і з Аўганістану па Мазамбік.

Сёлета Мотавела стаў вядомы беларусам яшчэ і як адзін з найбольш няўдалых выпадкаў прыватызацыі заходнімі інвэстарамі. Нягледзячы на леташнюю мадэрнізацыю і запуск новай мадэлі, з пачаткам усясьветнага эканамічнага спаду завод пачаў здаваць апошнія гандлёвыя фарпосты агрэсіўным карэйскім ды кітайскім канкурэнтам. Канцэрн ужо працяглы час балянсуе на мяжы банкруцтва, а сёлета наступіў крызіс. Працоўны калектыў, аўстрыйскі мэнэджмэнт ды афіцыйны Менск адно толькі абменьваюцца ўзаемнымі закідамі.


Адраджэньне легенды

У Віетнаме, аднак, за апошнія гады, брэнд атрымаў новае жыцьцё. З пачаткам лібэралізацыі жорсткай камуністычнай сыстэмы ў краіну хлынула хваля заходніх інвэстараў і маладых кадраў зь міжнародных карпарацыяў. Прыйшоўшы ў захапленьне ад рэтра-мадэлі беларускага жалезнага каня, прыежджыя белыя “сагібы” ў хуткім часе выявілі, што “Мінск” незаменны для вандровак па Віетнамскай глыбінцы, чые дарогі аднолькава хутка здольныя вывесьці са строю і найнавейшы турба-скутэр, і нягеглы рэтрамабіль.

Відэа: “Мінск” у глыбінцы


Ідэя фан-клюбу нарадзілася дзесяць гадоў таму. Папіваючы піва ў зусім невялікай тады кампаніі аседлых у Ханоі замежнікаў, заснавальнік клюбу – настаўнік Дэн Докеры выпадкова даведаўся ад свайго студэнта, што ў Ханой прыбывае прадстаўнік беларускага (“таго самага”) Мотавелазаводу.

Кампанія прыяцеляў тады прыехала ў аэрапорт, зымправізаваўшы ўрачыстую сустрэчу. Тыркалі зьбянтэжанаму беларускаму чыноўніку чаркі "of vodka" і букеты, затым наладзілі яму ганаровы картэж на некалькіх дзясятках "Мінскаў", абдаючы лімузін урадоўца хмарай смуродлівых выхлапаў.

Так пачалася віетнамская “Мінскаманія”. Слоганам нованароджанага клюбу стала: In Minsk we trust! (веруем у "Мінск") Фанаты любяць прагарлапаніць яго хорам, рагочучы за бутэлькай піва над дзікімі гісторыямі пра прыгоды з вандровак на непрадказальным сваімі паломкамі“буйвале” (так яго называюць масавыя спажыўцы – віетнамскія сяляне).

У гонар нашай сталіцы названая футбольная каманда міжнароднай дыяспары, найбуйнейшы ў краіне штогадовы рок-фэст. Сярод аматараў беларускай маркі рэгулярна праводзяцца алімпіяды, на якія зьяжджаюцца фанаты і гледачы з ўсёй краіны.


Асабістае знаёмства


Маё першае спатканьне з гонарам айчыннай прамысловасьці адбылося ў Сайгоне за некалькі тыдняў да знаёмства зь яго фанатамі. Здорава стомлены начным пералётам з Ханою я добрасумленна праспаў пастаўлены на раніцу будзільнік. Выяжджаючы ўпрытык на дамоўленую сустрэчу, я вырашыў не рызыкаваць захраснуць у заторах і паехаць не таксоўкай, а на Зэ-Уме – калярытным распаўсюджаным у Азіі зуху-матацыклісьце.

У адэкватнасьці сваёй ідэі я аднак засумняваўся, кінуўшы позірк на кіроўцу, якога сьвіснуў мне, зьдзіўлены такім капрызам, парцье. Неверагодна брудны, неакрэсьленага ўзросту: мажліва, год дваццаць, а мо і пяцьдзесят, кіроўца важыў, бадай, кіляграм 40. Істотная частка вагі прыпадала на зубы ды пазногці. Увасьсядала гэтае непаразуменьне на рознакаляровай ад скотчу ды іншародных кампанэнтаў ламачыне, якую нават у Віетнаме ўжо нячаста сустрэнеш у горадзе. Да таго ж мова камунікацыі абяжоўвалася маім веданьнем дзесяці віетнамскіх слоў і ягоным універсальным "ОК".

Відэа: вулічны рух у В’етнаме


Мае трывогі пачалі спраўджвацца з першых хвілінаў ваяжу. Чым далей, тым болей умацоўваліся мае падазрэньні ў тым, што кіроўца, нягледзячы на ўпэўненае “Ы” ("так" па-віетнамску) у адказ на названы мной адрас гатэля Шэратан, мае прыкладна такое ж уяўленьне аб яго месцазнаходжаньні як і я. Ад саракаградуснай вільготнай задухі, прамок нават гальштук. А некаторыя кіроўцы, вымушаныя дыхаць задушлівым смуродам, які шчодра распаўсюджваў наш транспартны сродак, кідалі на нас крыважэрныя позіркі.

Адчуўшы, відаць, сьпінай занепакоенасьць пасажыра, мой правінцыйны кэнтаўр вырашыў разрадзіць абстаноўку сьвецкім ля-ля.

-Дойся? - ветліва пацікавіўся ён (мелася на ўвазе Deutsch)
-Беларусь.
- Бэрлін? - вытрымаўшы паўзу, працягваў той гнуць сваё
-Ноў! Мінск!
-Ы! – зьніякавеў раптам сьледапыт, прыняўшы мой адказ за пытаньне – “Мінск”...

Хоць “Мінск” і застаецца асноўным сродкам перасоўваньня ў правінцыі – езьдзіць на ім у вялікіх гарадах (як мне потым патлумачылі) лічыцца мавэтонам і азначае падвяргаць сябе прынамсі кепікам з боку таварышоў па дарожным руху.

Гутарку прыйшлося аднак спыніць, бо я раптам ўбачыў кіёск, які мы дакладна ўжо праяжджалі хвілін за 10 да гэтага, і закамандаваў спыняцца. Шчыра пакрыўджаны маёй адмовай даць хаця б тысячу донг ($0.05) за стараньні, Зэ Ум патарахцеў далей, дасылаючы праклёны на галаву “нячэсных дойчаў".

Тады мне, дарэчы, пашанцавала – выявілася, што месца, дзе закончылася наша супраца зь нягеглым Зэ Умам, акурат і было насупраць Шэратану. Праўда, нават перайсьці дарогу ў Віетнаме ня так лёгка, як можа здацца. Турысты, нязвыклыя да тамтэйшых рэаліяў, могуць бездапаможна стаяць на пераходах гадзінамі.

Відэа - як пераходзіць дарогу ў В'етнаме


Ушчыкніце мяне: Лукашэнка!


Наогул, шанцавала мне ў Віетнаме на сустрэчы зь землякамі. Яшчэ адным пасьля матацыкла кампатрыётам, зь якім я сутыкнуўся ў Віетнаме, быў... Аляксандар Лукашэнка. Аднойчы ўвечары я мусіў паўгадзіны прачакаць, пакуль мяне прапусьціў дадому ваенны кардон, які, аказваецца, ахоўваў візыт Лукашэнкі ў Ханойскую опэру – акурат ля ўваходу ў мой гатэль. Аб тым, што гэта быў сам АРЛ я аднак даведаўся, толькі калі мне патэлефанавалі па камэнтар са Свабоды.

Паездка тая Лукашэнку, дарэчы, удалася. “Упіньдзюрыў" азіяцкім братам некалькі тысяч нашых трактароў. Праўда, з надыходам крызісу кантракт быў разарваны. Але ж дружба працягваецца – тыдзень таму стала вядома што ў Віетнаме пачнуць зьбіраць МАЗы ды БелАЗы.


Першапраходцы рынкавага сацыялізму


Беларуска-віетнамскія сувязі, аднак, сягаюць нашмат глыбей за трактары і матацыклы. Надзвычайныя падабенствы грамадзкага і эканамічнага ладу ня могуць не спрыяць збліжэньню. Верагодна, шмат якія элементы беларускай эканамічнай сыстэмы былі перанятыя менавіта з віетнамскай мадэлі рынкавага сацыялізму. Асабліва ў справе яе рэформы. Сёньняшнія рынкавыя пераўтварэньні ў Беларусі шмат у чым паўтараюць дзеяньні камуністычнай гвардыі Ханою, якая пачала рабіць гэтыя крокі раней – таксама пад кіраўніцтвам МВФ. Але да “Мінскаманіі” гэта ўжо дачыненьня ня мае...