Я.Арцюшэнка: “Будзем шукаць грошы на іншых напрамках”

Старшыня камісіі ў грашова-крэдытнай і банкаўскай дзейнасьці Палаты прадстаўнікоў Яўген Арцюшэнка на просьбу “Свабоды” пракамэнтаваць адмову Расеі даць Беларусі апошні транш у 500 мільёнаў даляраў з крэдыту ў 2 мільярды сказаў, што гэтыя грошы, безумоўна, не зашкодзілі б:
“Але зь іншага боку, можа гэта дасьць нейкія магчымасьці альтэрнатыўнага пошуку”.

“На Захадзе?”

“Ня ведаю, шчыра кажучы, на Захадзе ці не на Захадзе, але ж цяпер ва ўсясьветнай эканоміцы ідуць дастаткова сур’ёныя працэсы. Апошнім часам пайшлі заявы пра тое, што і даляравую масу трэба некуды дзяваць. Можа, гэтыя даляры і пойдуць у эканомікі краін, якія разьвіваюцца, кшталту Беларусі.

Вось сёньня зьявілася інфармацыя пра тое, што “дваццатка” непакоіцца, наконт абясцэньваньня грошай, укладзеных ва ўсясьветную эканоміку. Будзе інфляцыя даляра з усімі наступствамі. Значыць, іх патрэбна некуды разьмяшчаць. Можа, цяпер і нядрэнны час для пазыкаў. Для таго, каб фінансавую масу, якую ўкінулі на падтрыманьне эканомікі Захаду, пераразьмеркаваць па ўсім сьвеце. Гэта мая асабістая думка”.