Шукаюць вандалаў, але дапытваюць апазыцыянэраў

Зьнішчаныя крыжы ля вёскі Паляі

На допыт у аддзел міліцыі Віцебскага раёну выклікалі каардынатарку стваранай партыі БХД Тацяну Севярынец і старшыню суполкі Партыі БНФ Кастуся Смолікава. Міліцыянты пыталіся, што актывістам вядома пра зьнікненьне мэмарыяльных крыжоў каля вёскі Паляі.

Менавіта спадарыня Севярынец і спадар Смолікаў падалі 25 верасьня заявы пра зьнікненьне крыжоў на месцы масавых расстрэлаў грамадзян у 1930-40-я гады. Кастусь Смолікаў пісьмова зьвярнуўся ў Варонаўскі сельсавет, дзе прадстаўнікі ўладаў заявілі, што ня маюць дачыненьня да інцыдэнту і не давалі загаду, каб нішчыць крыжы. Тацяна ж Севярынец напісала заяву ў міліцыю.

Кастусь Смолікаў
Тацяна Севярынец
Ранкам 25 верасьня ёй патэлефанаваў знаёмы, сказаўшы, што крыжы зьніклі — спадар езьдзіць у той лес у грыбы і звычайна адведвае жалобнае месца. Супрацоўнік міліцыі маёр Субоцін паведаміў спадарыні Тацяне, што адзін з апытаных сьведак цьвердзіць, нібыта а сёмай раніцы крыжы яшчэ былі на месцы. Удзень, калі віцебскія актывісты прыехалі, каб усё ўбачыць на ўласныя вочы, яны знайшлі толькі ямку ад аднаго з крыжоў, “пянёк” ад сьпілаванага другога, а ад трэцяга крыжа не засталося і знаку.

Гэтыя тры драўляныя крыжы ў розныя гады тут усталёўвалі віцебскія апазыцыянэры, тут жа праходзілі грамадзкія паніхіды і ўскладаньне кветак на Дзяды. Некранутым заставаўся толькі вялікі жалезны крыж, пастаўлены з ініцыятывы праваслаўнай царквы.

Міліцыянты распачалі адміністрацыйную справу, аднак вінаватых у вандалізьме знайсьці пакуль не ўдалося.

Паводле Тацяны Севярынец, супрацоўнік РАУСу шмат распытваў яе ня толькі пра крыжы, але і пра пляны БХД. Пытаўся таксама, ці ёсьць у апазыцыянэраў дазвол, каб ставіць нейкія памятныя знакі.

З дня зьнікненьня крыжоў прайшоў амаль месяц. І спадарыня Тацяна не выключае, што раптоўная актыўнасьць міліцыянтаў выклікана зьяўленьнем новага крыжа ў “віцебскіх Курапатах” тры дні таму. Паводле апазыцыянэра Барыса Хамайды, гэта мог зрабіць легендарны Мірон. Іншыя прадстаўнікі віцебскіх дэмакратычных колаў таксама зьбіраюцца аднавіць зьнішчаныя крыжы ды яшчэ ўсталяваць новыя.