“Павязак няма. Шыйце самі!”

У Магілёве нестае марлевых павязак. Тыя, што прадаюцца, кітайскай вытворчасьці, і купіць іх можна ня ў кожнай аптэцы.
Напрыклад у аптэках Кастрычніцкага раёну абласнога цэнтру даюць у адны рукі толькі па пяць павязак. Гэта камэрцыйныя аптэкі. Кошт адной павязкі — 350 рублёў.

Каб вырашыць праблему, мэдыкі заклікаюць людзей шыць павязкі самім.

“Калі няма марлі, вазьміце бінт. Чатырохслойная павязка вас абароніць. Маскі, якія набываюцца ў аптэках, аднаразовыя. Іх трэба мяняць празь дзьве гадзіны, бо потым яны не эфэктыўныя”, — цытуюць мэдыкаў афіцыйныя крыніцы.

Ад заўтра выпуск марлевых павязак будзе наладжаны на магілёўскай стужкаткацкай фабрыцы.
На гарадзкіх вуліцах людзей у павязках амаль няма.

Афіцыйныя крыніцы інфармуюць, што ад заўтра выпуск марлевых павязак будзе наладжаны на магілёўскай стужкаткацкай фабрыцы.

Тым часам улады й мэдыкі працягваюць заклікаць людзей захоўваць спакой, аднак прызнаюць, што колькасьць хворых на грып і вострыя рэсьпіраторныя захворваньні расьце. Паводле інфармацыі магілёўскай цэнтральнай паліклінікі, за апошні тыдзень па мэдычную дапамогу зьвярнулася 5 тысяч 298 чалавек. 55,6% зь іх — дзеці й падлеткі. Колькі хворых агулам у рэгіёне, невядома.

У Бабруйску мясцовая прэса са спасылкай на загадчыцу аддзяленьня эпідэміялёгіі занальнага Цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Сьвятлану Камарову паведамляе, што ў мінулы чацьвер эпідэміялягічны парог па захворваньнях быў перавышаны ў тры разы, а ў пятніцу — больш чым у пяць разоў. Статыстыкі апошніх дзён няма.

У Магілёве, Бабруйску, а таксама ў Магілёўскім раёне канікулы працягнутыя да наступнага панядзелка. Ня вучацца дзеці і ў Горках.

У кастрычніку ў рэгіёне было выяўлена чатыры выпадкі гэтак званага сьвінога грыпу. Афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што захворваньні выяўленыя на раньняй стадыі.