Хамайду пратрымалі больш за належны тэрмін і адпусьцілі без пратаколу

Барыс Хамайда на сваім заўсёдным месцы распаўсюду ля “Сіняга дому”

Затрыманы сёньня віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда мусіў правесьці ў пастарунку тры з паловай гадзіны. Спадар Хамайда лічыць гэта ня толькі парушэньнем сваіх правоў, але й парушэньнем заканадаўства, бо трымаць яго ў Чыгуначным РАУС міліцыянты мелі права ня больш за тры гадзіны. Тым больш што ніякіх пратаколаў на яго не складалі.
Апазыцыянэр распавёў, што яго затрымалі каля так званага “Сіняга дому” — жылога дому № 28 па вуліцы Леніна — за распаўсюд недзяржаўных друкаваных выданьняў. Паводле спадара Хамайды, міліцыянты спачатку былі незадаволеныя зьместам раскладзенай на століку літаратуры, а потым заявілі, што распаўсюднік замінае мінакам.

Калі ў пастарунку Барыс Хамайда запытаўся ў начальніка райаддзелу, ці хутка яго адпусьцяць або пачнуць складаць пратаколы, міліцыянт нічога не адказаў.

А пасьля таго як прамінулі належныя тры гадзіны, дзяжурны супрацоўнік РАУСу заявіў, што апазыцыянэра нібыта ніхто й не затрымліваў і што ён вольны.

Гэтае затрыманьне спадар Хамайда лічыць прэвэнтыўным: ён пэўны, што па яго знарок паслалі міліцэйскую машыну, каб ён не прыцягваў увагі мінакоў у цэнтры гораду. Абскарджваць незаконныя дзеяньні міліцыянтаў ён не плянуе, але заўтра зноў зьбіраецца выйсьці на тое самае месца.

Да “Сіняга дому” віцебскі апазыцыянэр пачаў выходзіць з 3-га лістапада пасьля амаль чатырохмесячнага перапынку. На пачатку лета ён трапіў у шпіталь і паводле стану здароўя на пэўны час мусіў прыпыніць распаўсюдніцкую дзейнасьць.