20% беларускіх алькагалічак маюць вышэйшую адукацыю

Беларускія нарколягі канстатуюць: расьце колькасьць жанчын з вышэйшай адукацыяй, якія цярпяць на алькагольную залежнасьць.
“Апошнім часам мы адзначаем пад'ём колькасьці жанчын з вышэйшай адукацыяй, якія маюць алькагольную залежнасьць”, — сьцьвердзіў загадчык аддзелу наркалёгіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Андрэй Капытаў. — “Ад агульнай колькасьці жанчын з алькагольнай залежнасьцю жанчыны з вышэйшай адукацыяй у Беларусі складаюць 20%”.

Капытаў патлумачыў, што прычына гэтай сытуацыі — “актыўны ўдзел жанчын у грамадзкім і прафэсійным жыцьці — яны працуюць там, дзе працуюць мужчыны, і паступова адбываецца нэўтралізацыя полу (…) Выкананьне так званай мужчынскай працы патрабуе расслабленьня, для дасягненьня якога выкарыстоўваюцца найбольш даступныя спосабы — шампанскае, віно, піва”, паведамляе Інтэрфакс.