У.Букоўскі: “Лукашэнка разумее, што ягоны рэжым нестабільны”

Сытуцыю з выкраданьнем моладзевых палітычных актывістаў у Беларусі камэнтуе легендарны савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі.
Букоўскі: Рэпрэсіўныя рэжымы пачынаюць ужываць дзіўныя мэтады, калі хочуць палепшыць свой зьнешні імідж. Мне здаецца, што ў Лукашэнкі зараз такая праблема. Ён, з аднаго боку, заігрывае з Захадам і ня хоча больш зь імі сварыцца, хоча нейкі балянс мець паміж Масквой і Захадам. А з другога боку, ён разумее, што рэжым яго нестабільны, і калі ён ня будзе запалохваць апазыцыянэраў, то доўга гэты рэжым не пратрымаецца. Дакладна такая сытуацыя была напачатку 60-х гадоў у СССР, калі Крэмль вынайшаў карную псіхіятрыю. Былі такія мэтады і напачатку 70-х, калі быў так званы дэтант з Захадам. Яны вынаходзяць нешта такое, што б дазвалялі ім , на іх погляд, вырашыць гэтую задачу.

Для мяне ніякага сумневу няма, што гэта робіцца на загад беларускага кіраўніцтва. Такія рэчы самі па сабе не адбываюцца, і прыватным асобам няма патрэбы запалохваць апазыцыянераў.

Адказ на гэта павінен быць такі, які мы заўсёды давалі ў такіх сытуацыях: чым больш галоснасьці, чым больш пратэстаў, тым больш шанцаў, што гэтыя мэтады зьнікнуць.

Дракахруст:
А якой можа быць рэакцыя Захаду, Эўропы, якая зараз вядзе палітыку нармалізацыі адносінаў з афіцыйным Менскам? Яны прымуць тлумачэньні, што гэта нейкія невядомыя?

Букоўскі: Не, яны ня прымуць такія тлумачэньні. Усім відавочна. Гэта настолькі шыта белымі ніткамі, настолькі груба, што ўсе адразу зразумеюць, у чым справа, і пратэсты будуць пачутыя. Іншая справа, што вялікай рэакцыі ня варта чакаць, урадавыя рэакцыі заўжды аслабленыя. Вам варта больш спадзявацца на грамадзкую рэакцыю. Цяпер Лукашэнка стаў выяздным, яго пачалі запрашаць. Вось там, куды яго запрашаюць, і тым, хто яго запрашае. трэба такія пратэсты і накіроўваць. І безумоўна, урадам гэтых краінаў, якія яго запрашаюць, давядзецца неяк тлумачыцца перад сваёй грамадзкасьцю. Трэба гэнэраваць грамадзкі пратэст, які зробіць пэўны ціск на абраных лідэраў.