Бацькі Івана Міхайлава даслалі лісты на “Свабоду”

«Я, маці Івана Міхайлава, які цяпер знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА. У мяне сямёра дзяцей, зь якіх трое яшчэ непаўналетнія, а чацьвёртая вучыцца на дзённым. Іван працаваў і дапамагаў нам, заробак аддаваў у сям’ю. Мы зьвярталіся ў ваенкамат, каб далі Івану службу ў рэзэрве ці альтэрнатыўную і нават знайшлі з боку вайсковага камісара і кіраўніка прызыўной камісіі разуменьне.

Яны сказалі, што альтэрнатыўнай службы ў нас у краіне няма, а дзеля таго, каб нашага сына (як чалавека веруючага і як памочніка нашай шматдзетнай сям’і) прызвалі на службу ў рэзэрве неабходна даць хадайніцтва з працы Івана, што ён зьяўляецца каштоўным супрацоўнікам. Гэта мы й зрабілі.

Падчас прыёму ў ваенкамаце таварыш ваенкам і кіраўнік прызыўной камісіі уважліва нас выслухалі і сказалі, што яны, у прынцыпе, ня супраць пайсьці нам насустрач і ўзяць сына ў рэзэрвовую службу.

Але таксама дадалі, што яны далёка ня ўсё вырашаюць і, што гэта вырашае камісія ў асобе прадстаўніка выканкаму Менскага раёну Шаблыка.

Мы хадзілі на прыём да Шаблыкі тры разы, спрабавалі размаўляць. Чаму пішу спрабавалі? Таму што гэта чалавек нават ня ў стане слухаць. Ён дэманстратыўна выстаўляў нас усе тры разы за дзьверы. Зьдзіўляюся, як такія людзі кшталту Шаблыкі, у якога наагул адсутнічае элемэнтарная павага да наведвальнікаў, можа працаваць у выканкаме.

Калі пасьля ўсяго гэтага ў чэрвені Іван прыйшоў у ваенкамат на камісію, даў даведку і хадайніцтва з працы, то вайсковы камісар і кіраўнік прызыўной камісіі пацьвердзілі, што ня супраць рэзэрвовай службы. Але прысутны там Шаблыка быў супраць службы нашага сына ў рэзэрве, напэўна, ён займае больш высокую пасаду, чым вайсковы камісар.

Ягоныя словы пераважылі ўсіх іншых і Івана вырашылі накіраваць на тэрміновую службу. Ён з гэтым не пагадзіўся, ня стаў падпісваць папераў і сышоў з ваенкамату.

На вуліцы затрымалі майго 16-гадовага сына Ільлю, укінулі яго ў джып і адвезьлі ў сельсавет. Калі даведаліся, што не таго схапілі, адпусьцілі.
Пасьля гэтага пачалося цкаваньне нашай сям’і. Прыехалі тры чалавекі на джыпе, кіраўнік раённай міліцыі, сьледчы і прадстаўнік ваенкамату. Яны хітрыкамі ўвайшлі ў хату, запатрабавалі Івана, але, паколькі ў іх не было санкцыі на ператрус, вымушаныя былі сысьці за вароты.

Але гэтага ім падалося замала і яны затрымалі на вуліцы майго 16-гадовага сына Ільлю. Яны укінулі яго ў джып і павезьлі.

Суседзі мне сказалі, што яго затрымаў кіраўнік раённай міліцыі. Ілью адвезьлі ў сельсавет і, калі даведаліся, што не таго схапілі, адпусьцілі.

Як можна назваць нашу краіну прававой, калі адбываецца такое бязьмежжа?

Пасьля гэтага старшаму сыну Івану не прыходзіла ніводнай позвы ані з ваенкамату ані зь міліцыі. Прыйшоў аднойчы сьледчы, паразмаўляў, а потым майго сына як злачынцу схапілі на працы і адтуль у СІЗА. Я лічу, што майго сына забралі беспадстаўна.

З павагаю, шматдзетная маці Тацяна Міхайлава».

Бацька Івана Ўладзімер Міхайлаў у сваім лісьце, у прыватнасьці, напісаў:

«Я лічу, што майго сына, як і шмат іншых, пазбавілі права выбару, паколькі абарона Айчыны гэта ня толькі дэманстрацыя фізычнай сілы, але, што значна важней, гэта праява любові і павагі да сваіх блізкіх. У Пісаньні сказана, што зло нельга перамагчы злом.

Але зло можна перамагчы толькі дабром. Таму жыць сумленна паводле Божых законаў, і малітвы людзей, якія жывуць сумленна паводле Божых запаветаў, могуць зрабіць больш за любыя арміі разам з усімі танкамі і бомбамі».

Амаль месяц Івана Міхайлава трымаюць за кратамі Жодзінскага СІЗА, абвінаваціўшы ва ўхіленьні ад вайсковай службы. 29 студзеня хлопца пачнуць судзіць.