Затрыманы віцебскі актывіст Аляксандар Кузьняцоў

Аляксандар Кузьняцоў

Віцебскага кіраўніка “Моладзі БНФ” міліцыянты спынілі на вуліцы і забралі ў Кастрычніцкі РАУС. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што мусяць спраўдзіць асобу затрыманага.
Аляксандар Кузьняцоў мае сваю вэрсію прычын затрыманьня. Яшчэ ўчора яму патэлефанавалі зь міліцыі і папярэдзілі, каб ён не надумаўся зладзіць якую-небудзь несанкцыянаваную акцыю. Занепакоенасьць міліцыянтаў, кажа спадар Кузьняцоў, зразумелая: сёньня дзень салідарнасьці з палітвязьнямі, а таксама дзень народзінаў віцебскага апазыцыянэра Сяргея Каваленкі, які набыў шырокую вядомасьць тым, што вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы ў Віцебску.

Учора ўвечары міліцыянты затрымалі, а пазьней даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня яшчэ двух віцебскіх моладзевых актывістаў – сябра ствараемай партыі БХД Алеся Галаваня і Валера Раманенку. Іх абвінавацілі ў хуліганстве – зьяўленьні ў нецьвярозым стане ў грамадзкіх месцах. А ўчора ранкам таксама нібыта за хуліганства – за нецэнзурную лаянку – быў асуджаны на 7 сутак Тарас Сурган, сябра Сяргея Каваленкі.