Дом польскі ў Івянцы занялі міліцыянты

Унутры яшчэ застаюцца некалькі сябраў Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. На вуліцы таксама міліцэйскія патрулі.
Пра гэта паведаміў Андрэй Пачобут — старшыня Галоўнай рады СПБ.

Сутнасьць вострай сытуацыі вакол Саюзу палякаў у тым, што івянецкая арганізацыя дагэтуль не падпарадкоўваецца праўладнаму Саюзу, якім кіруе Станіслаў Сямашка, яна па-ранейшаму падтрымлівае апальную Анжаліку Борыс, арганізацыя якой дзейнічае ў напаўлегальных умовах. У Івянцы адначасова ўзначальвае і польскую арганізацыю і Дом польскі адзін чалавек — Тэрэса Собаль. На Дом польскі рэгулярна насылаюць праверкі: падатковая служба, фінансавая міліцыя, а днямі супраць спадарыні Собаль распачалі крымінальную справу. Некалькі гадоў таму кіраўніцтва Саюзу палякаў аказала ёй грашовую дапамогу па выніках году — шэсьцьсот тысяч рублёў. І вось цяпер узьнікае крымінальная справа пра злоўжываньне службовымі абавязкамі, Тэрэса Собаль у ёй — падазраваная.

21 студзеня ў гарадзкім пасёлку Івянец Валожынскага раёну адначасова прайшлі два польскія сходы. Адзін правялі прыхільнікі незарэгістраванага СПБ Анжалікі Борыс, другі быў арганізаваны з дапамогай улады. Лідэр івянецкіх актывістаў Тэрэса Собаль лічыць, што сход праўладнай суполкі СПБ быў сабраны прымусова. Кіраўніком зрабілі дырэктара мясцовага Дома культуры Станіслава Бурачэўскага, які раней не выяўляў такіх амбіцый.