Стан Рыгора Барадуліна стабільна цяжкі

Рыгор Баардулін

Рыгор Барадулін па-ранейшаму знаходзіцца ў рэанімацыі ў лякарні кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. У яго левабаковае запаленьне лёгкіх з ацёкамі, і ў сувязі з гэтым стан стабільна цяжкі, паведаміла “Свабодзе” жонка, Валянціна Міхайлаўна.
Дзядзька Рыгор знаходзіцца ў асобнай палаце, да яго нікога не пускаюць, а сам ён не адказвае на цыдулкі. Лекары забараняюць мець у палаце тэлефон і паперу з асадкай, а самі кантактуюць з хворым у марлевых павязках. Паводле Валянціны Міхайлаўны, лекары чакаюць, пакуль міне інкубацыйны пэрыяд, і пакуль ніякіх прагнозаў ня робяць. Валянціна Барадуліна спадзяецца, што заўтра ёй могуць выдаць пропуск на наведваньне палаты.

У рэанімацыю лякарні кіраўніцтва справамі прэзыдэнта народны паэт Беларусі патрапіў увечары 14 лютага. Напярэдадні ў Менску адбылася прэзэнтацыя зборніка выбранай паэзіі Рыгора Барадуліна пад назвай “Перакуленае/Опрокинутое”. Саюз беларускіх пісьменьнікаў прымеркаваў выданьне кнігі да 75-гадовага юбілею Рыгора Барадуліна, які будзе адзначацца 24 лютага.