Першая перамога беларускіх хакеістаў

На алімпійскіх гульнях у Ванкувэры зборная Беларусі зь лікам 5:3 перамагла зборную Нямеччыну. Гэта першая перамога беларускіх хакеістаў на цяперашняй Алімпіядзе.
У беларусаў шайбы забілі Аляксей Угараў, Аляксей Калюжны (2), Сяргей Касьціцын, Руслан Салей. Аглядальнікі адзначаюць высокае майстэрства беларускіх хакеістаў Аляксея Калюжнага, Руслана Салея і Сяргея Касьціцына, а таксама галкіпера каманды Віталя Каваля. Менавіта іх гульня прынесла беларусам канчатковую перамогу, нягледзячы на тэхнічную перавагу немцаў у часе паядынку.

Цяпер, каб выйсьці у чвэрцьфінал беларускай зборнай трэба перамагчы зборную Швайцарыі. Матч Беларусь-Швайцарыя адбудзецца ў аўторак.

Таксама сёньняшнія канадзкія выданьні, паведамляюць пра арышт у Ванкувэры беларускага хакеіста і форварда клюбу “Таронта” Міхаіла Грабоўскага за драку ў адным зь мясцовых бараў. Гэты хакеіст першапачаткова быў уключаны у беларускую нацыянальную каманду, аднак з-за траўмы ня змог узяць удзел у Алімпіядзе.