Паліцыя Ванкувэра працягне расьсьледаваньне па справе Грабоўскага

Міхаіл Грабоўскі

Пра гэта піша канадзкае выданьне Toronto Star.

26-гадовы Міхаіл Грабоўскі, форвард беларускай нацыянальнай зборнай і хакеіст клюбу Toronto Maple Leafs, які напярэдадні быў заяўлены ў склад беларускай алімпійскай каманды, аднак з-за траўмы рукі ня змог выступаць на Алімпіядзе, правёў у ванкувэрскім пастарунку некалькі гадзін.

Як падаюць канадзкія мэдыі, паліцыянты арыштавалі Грабоўскага ў суботу 20 лютага а 2:30 раніцы, аднак а 9-й таго ж дня спартовец быў вызвалены. Паводле паліцэйскіх пратаколаў, Грабоўскі стаў удзельнікам вулічнай сутычкі ў гарадзкім раёне Ванкувэру Yaletown. Гэта адно з улюбёных месцаў алімпійцаў і заўзятараў, дзе для тысячаў гледачоў кожную ноч ладзяцца разнастайныя канцэрты ды забавы.

У размове зь БелТА прадстаўнікі прэсавай службы беларускай алімпійскай зборнай далі наступнае тлумачэньне інцыдэнту:

“Сутычка… разгарэлася таму, што хуліганы прычапіліся да спадарожніка Міхаіла Грабоўскага — ягонага прыяцеля з Таронта. Міхаіл заступіўся за сябра. Паліцыянты склалі пратакол, пасьля чаго Мішу адразу вызвалілі. У суботу ўвечары ён ужо быў на матчы Беларусь-Нямеччына. Грабоўскі ў часе сутычкі не пацярпеў, а вось ягоны сябар атрымаў траўмы. Чыя была праўда, вырашыць суд, дата якога пакуль невядомая”.

Тым часам у размове з канадзкімі журналістамі генэральны мэнэджэр Toronto Maple Leafs Браян Бёрк (Brian Burke) паведаміў, што Грабоўскаму не было выстаўлена абвінавачваньне. Кіраўніцтва канадзкага клюбу, аднак, адмовілася ад далейшых камэнтароў да таго моманту, пакуль расьсьледаваньне ня будзе завершана.

Паліцыя Ванкувэру таксама пацьвердзіла, што расьсьледаваньне будзе працягнутае. Пакуль жа абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве ня выстаўлена ніводнаму з бакоў.