Якім будзе новы прысуд Андрэю Бандарэнку?

Сёньня ў Першамайскім судзе Менска судзьдзя Тацяна Равінская агалосіць прысуд прадпрымальніку Андрэю Бандарэнку. Яго падазраюць ў крадзяжы 180 мільёнаў рублёў праз махлярства. Шмат хто з праваабаронцаў і апазыцыйных палітыкаў у Беларусі мяркуюць, што перасьлед прадпрымальніка Бандарэнкі палітычна матываваны. Ці пацьвердзіцца гэта сёньня ў прысудзе?
Андрэй Бандарэнка чатыры дні таму ў апошнім слове казаў, што ня просіць ад суду спагады, а спадзяецца на справядлівасьць, закон і сумленьне суду. Аднак у голасе прамоўцы гучала няўпэўненасьць, што апраўданьне магчымае.

Бандарэнка спасылаўся на паводзіны ў судзе пракурора Філіпоўскага.

“Якім чынам даказаная мая датычнасьць да пералічэньня грошай на фірмы, пастаўшчыкі матэрыялаў, адкуль увогуле з’явіліся высновы пра нейкі крадзеж? Сьпіс пытаньняў можна працягваць, але няма сэнсу пра гэта пытацца ў дзяржаўнага абвінаваўцы, які не жадае разумець сутнасьць справы. Ён выканаў загад, прачытаў тое, што яму напісалі, а далейшае – не ягоны клопат”.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Бандарэнка мяркуе, што яму помсьцяць за ўдзел у мінулых парлямэнцкіх выбарах, асабліва за тое, што ён не пагадзіўся з афіцыйнымі вынікамі выбараў і паспрабаваў іх абскардзіць ў судзе. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што гісторыю Андрэя Бандарэнкі трэба разглядаць таксама ў рэчышчы агульнага стаўленьня ўлады да праблемы удзелу у палітыцы бізнэсоўцаў.

“Пасьля таго, як кампанія ўжо пачалася, у яго ўзьніклі праблемы. Гэта супала як раз заявай Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён забараняе бізнэсу ісьці ў палітыку. Мяркую, гэтыя словы трэба было падмацаваць нейкім судовым працэсам і пад гэта патрапіў Андрэй Бандарэнка. Гэта своеасаблівы мэсыдж улады бізнэсу, які можа прыйсьці у палітыку і падтрымаць апазыцыю”.

Адвакат Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі у судовых спрэчках запэўніваў, што віна ягонага падабароннага у крадзяжы 180 мільёнаў рублёў праз махлярства ніяк не даказаная: няма дакумэнтальных доказаў злачынства, не знойдзеныя у Бандарэнкі і грошы, якія ён нібыта скраў. Крадзеж праз махлярства адвакат лічыць немагчымым і з той прычыны, што Андрэй Бандарэнка не займаў у фірме “Белвысотстройгруп” службовай пасады, якая б дазваляла маніпуляваць грашыма фірмаў-пастаўшчыкоў.

А вось абвінаваўца Зьміцер Філіпоўскі мяркуе, што склад злачынства ў дзеяньнях Бандарэнкі ёсьць, а сам прадпрымальнік, які займаў невялікую пасаду кансультанта, насамрэч кіраваў фірмай. Дарэчы, Андрэя Бандарэнка раней быў сузаснавальнікам фірмы “Белвысотстройгруп”, а некаторыя сьведкі казалі ў судзе, што ягонае слова ў фірме заставалася галоўным.

Паводле абвінаваўцы, прадпрымальнік заслугоўвае 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

7 гадоў Бандарэнку суд ужо даваў, але летась у сьнежні менскі гарадзкі суд той прысуд адмяніў і адправіў справу на новы разгляд.