Аляксандр Лукашэнка ў Вэнэсуэле распачынае неафіцыйную частку візыту

Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка завяршыў афіцыйную частку візыту ў Вэнэсуэлу. У выніку дамоўленасьцяў з прэзыдэнтам гэтай краіны Уга Чавэсам дакумэнтальна аформлена будаўніцтва ў Вэнэсуэле заводаў МАЗ на выпуск 5 тысяч адзінак тэхнікі штогод і МТЗ 10 тысяч.
1300 беларускіх машын Вэнэсуэла набудзе ўжо зараз. У першым паўгодзьдзі БелАз паставіць у Лацінскую Амэрыку тэхнікі на 20 мільёнаў даляраў. Дасягнутыя дамоўленасьці ў галіне паставак нафты, сэрвісных паслуг, будаўніцтва. У прыватнасьці, Беларусь падарыць Вэнэсуэле школу і дзіцячы сад, паведамляе Беларускае тэлебачаньне.

“Ёсьць шмат плянаў, ідэяў і напрацовак, якія не падлягаюць публічнаму абмеркаваньню. Усё гэта ў інтарэсах народу Вэнэсуэлы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведаміла БТ, афіцыйная частка візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу завершаная. Сёлета ў кастрычніку Уга Чавэс прыбудзе з афіцыйным візытам у Беларусь. Аляксандр Лукашэнка з новым афіцыйным візытам накіруецца ў Вэнэсуэлу ў 2011 годзе.