Надпіс на мэдалі ў гонар перамогі зрабілі па-расейску

  • Сяргей Навумчык
У Беларусі ваенкаматы пачалі ўручаць вэтэранам Другой усясьветнай вайны мэдалі ў гонар 65-годзьдзя перамогі.
Як напісаў у выданьні “Ежедневник” Сяргей Сацук, “ваенкомы ўручаюць вэтэранам мэдалі “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, літаральна апусьціўшы вочы, і кажуць, што нават у час вайны дзяржава не дазваляла сабе такой непавагі да салдатаў, як гэта адбылося цяпер. Па словах ваенкома, кіраўнікі райваенкаматаў Беларусі адназначна ацэньваюць падзею як ідэалягічную дывэрсію, накіраваную на падрыў аўтарытэту дзеючай улады. Праўда, заявіць пра гэта афіцыйна яны баяцца, паколькі асьцерагаюцца рэакцыі Міністэрства абароны. Гаворка ідзе пра тое, як Міністэрства абароны падышло да пытаньня вырабу тых самых мэдалёў, якія цяпер уручаюць вэтэранам. Гэта якраз той выпадак, калі цяжка захаваць журналісцкую аб’ектыўнасьць і хочацца шчыра выказаць усё сваё абурэньне”.

Што ж абурыла ваенкомаў, у чым ўбачылі яны “ідэалягічную дывэрсію, накіраваную на падрыў аўтарытэту дзеючай улады?”

Аказваецца – “пытаньню якасьці не было нададзена ніякай ўвагі”. Ваенкомаў не задаволіла якасьць мэдаля: ня той мэтал, ня тая афарбоўка. Тэндэр на выраб выйгралі тыя, хто прапанаваў больш танны варыянт.

Пытаньне якасьці ўзнагароды можа дыскутавацца – фалерысты, калекцыянэры ўзнагарод, ведаюць, што далёка не заўсёды самыя высокія ўзнагароды вырабляюцца з найдаражэйшых мэталаў. Таксама заўважана, што некаторыя “бананавыя” краіны, насельніцтва якіх жыве ў жабрацтве, маюць на сваіх ордэнах вялікую колькасьць дыямэнтаў.

У выпадку з мэдалём у гонар 65-годзьдзя перамогі не заўважаная адна акалічнасьць: тэкст на мэдалі напісаны не на беларускай, а на расейскай мове.

Заўважым, што папярэдні юбілейны мэдаль, якім узнагароджвалі ў Беларусі вэтэранаў вайны, меў надпіс па-беларуску: “65 гадоў вызваленьня Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (пры тым, што ад “захопнікаў” Рэспубліку Беларусь, якая атрымала гэтую назву у 1991 годзе, не вызвалялі).