Галюцынагенныя грыбы карысныя?

Вучоныя прыходзяць з новым поглядам на галюцынагенныя прэпараты пасьля таго, як яны доўгі час былі табу. У 60-я гады іх актыўным прапагандыстам стаў Цімаці Ліры, дасьледчык, пісьменьнік, выкладчык Гарварду, які, аднак, меў праблемы з законам у сувязі са сваімі экспэрымэнтамі і нават арыштоўваўся за трыманьне наркотыкаў. Цяпер навукоўцы ізноў атрымалі магчымасьць вывучаць узьдзеяньне патэнцыйных лекаў для лячэньня псыхічных праблем і вывучэньня мэханізмаў сьвядомасьці.

Нядаўна экспэрымэнт на сабе вырашыў правесьці доктар на пэнсіі Кларк Марцін. У яго быў рак нырак, ён прайшоў ужо хіміятэрапію, прымаў антыдэпрэсанты і іншыя традыцыйныя лекі. Нішто не давала сталага эфэкту. Урэшце доктар Марцін пакінуў свой дом у Ванкувэры, каб узяць удзел у экспэрымэнце, які праводзіла мэдыцынская школа інстытуту Джона Гопкінса. Вывучалася ўзьдзеяньне псылацыбіну, псыхаактыўнага рэчыва, якое ўтрымліваюць некаторыя грыбы.

Прыняўшы прэпарат, доктар уключыў клясычную музыку, завязаў вочы і лёг на канапу. Яму здавалася, што ўсё выпадковае і дробнае выпараецца, што ён сам падае з лодкі у адкрыты акіян і сам выпараецца разам з вадой і яднаецца з космасам... Сёньня доктар лічыць, што яго ўдзел у экспэрымэнце дапамог яму пераадолець сваю дэпрэсію, наладзіць свае адносіны з дачкой і сябрамі.

Падобныя вынікі мела дасьледаваньне, якое правяла група швэйцарскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам Рональда Грыфітса. Грыфітс і яго калегі выявілі, што эфэкт псылацыбіна большасьць ўдзельнікаў дасьледаваньня ахарактарызавалі як глыбокі духоўны вопыт з доўгатэрміновым пазытыўным эфэктам. Доктар Грыфітс пачаў пазьней выпісваць псылацыбін хворым на рак і дэпрэсіі.

Вынікі новых экспэрымэнтаў наколькі абнадзейваючыя, настолькі і папярэднія. Дасьледчыкі перасьцерагаюць ад пасьпешлівых абяцаньняў пацыентам. Але ня выключана, што галюцынагенныя лекі здолеюць дапамагчы анкалягічным хворым, якія церпяць ад дэпрэсіяў, людзям, якія перажываюць трывогу заканчэньня жыцьця, посттраўматычны стрэс або змагаюцца са сваёй залежнасьцю ад наркотыкаў ці алькаголю.