Эўразьвяз рыхтуе новую праграму супрацоўніцтва зь Беларусьсю

Эўрапейская Камісія рыхтуе праграму супрацоўніцтва зь Беларусьсю (так званую “праграму для канкрэтнай краіны” або National Indicative Programme, NIP) на 2012-2013 гады і запрашае зацікаўленыя бакі прадставіць сваё бачаньне прыярытэтаў супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.
Аб гэтым паведамляе “Интерфакс-Запад” са спасылкай на прадстаўніцтве ЭЗ у Менску.

Новая праграма стане вынікам кансультацый паміж беларускімі ўладамі з аднаго боку і краінамі ЭЗ, міжнароднымі фінансавымі інстытутамі і грамадзкімі арганізацыямі, з другога.

Эўракамісія ўжо сфармулявала канцэпцыю супрацоўніцтва ў рамках NIP для Беларусі, прыярытэтамі якой зьяўляюцца забесьпячэньне належнага кіраваньня, разьвіцьцё міжасабовых кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і ЭЗ, а таксама дапамога ў эканамічнай мадэрнізацыі краіны.

Між тым, Эўракамісія прапануе зацікаўленым бакам прадставіць свае прапановы па прыярытэтах супрацоўніцтва ЭЗ-Беларусь да 2013 году, якое будзе абапірацца на бюджэт Эўрапейскага інструмэнта суседзтва і партнэрства (ENPI), і бачаньне ролі грамадзкіх арганізацый для дасягненьня мэтаў супрацоўніцтва.

Прапановы павінны быць пададзеныя не пазьней за 19 мая.