На нафтавым фронце без перамен

Беларусь і Расея пакуль не наблізілі пазыцыі наконт экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты.
Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў у Санкт-Пецярбурзе, дзе праходзіць міжнародны эканамічны форум.

"Усе пакуль на ранейшых пазыцыях", -- адзначыў Кабякоў.

Паводле віцэ-прэм'ера, пытаньне аб экспартным мыце на нафту і нафтапрадукты не плянуецца абмяркоўваць у рамках паседжаньня Камісіі Мытнага саюза 18 чэрвеня ў Санкт-Пецярбурзе. Пра гэта паведамляе агенцтва "РІА Новости".

Менск патрабуе ад Масквы адмяніць мыта на нафту і нафтапрадукты. Адпаведны пазоў Мін'юста Беларусі да расейскага ўраду знаходзіцца на разглядзе Эканамічнага суда СНД.

Адмену мыта на нафту і нафтапрадукты Беларусь напрамую ўвязвае са сваім удзелам у Мытным саюзе. 1 ліпеня павінен уступіць у сілу Мытны кодэкс саюза Беларусі, Казахстана і Расеі, аднак беларускі бок да гэтага часу не падпісаў неабходны пакет дакумэнтаў. У выніку Расея і Казахстан дамовіліся аб увядзеньні Мытнага кодэкса на двухбаковай аснове.