Сустрэча Саакашвілі і Лукашэнкі была 12 ліпеня

Міхаіл Саакашвілі

Як вынікае з паведамленьняў грузінскіх мэдыяў, грузінскі лідэр, праўдападобна, выяжджаў ва Ўкраіну двойчы. Першы раз — 9-га ліпеня з аднадзённым візытам, каб, як падае англамоўнае дайджэст-выданьне Messenger, пэрсанальна павіншаваць украінскага кіраўніка Віктара Януковіча з 60-гадовым юбілеем. Падрабязнасьцяў пра гэтую сустрэчу няма, пішуць аглядальнікі. Вядома толькі, што Саакашвілі ніхто на гэты юбілей не запрашаў.

«Вядома, экспэрты могуць патлумачыць усё гэта такім чынам: Украіна — сябра Грузіі, і Тбілісі мусіць умацоўваць стасункі з гэтай краінай», піша інтэрнэт-выданьне Geurasia.

Але ж уявіць сабе, што адзін прэзыдэнт нечакана прыяжджае да другога і кажа: „Я прыехаў да вас з уласнай ініцыятывы“, выглядала б справай беспрэцэдэнтнай і да камізму абсурднай».

Што да сустрэчы паміж Саакашвілі і Лукашэнкам, то яна, паводле інфармацыі грузінскай службы Радыё Свабода, спраўджанай у адміністрацыі грузінскага прэзыдэнта, адбылася 12 ліпеня, калі беларускі прэзыдэнт, паводле пратаколу, знаходзіўся ў адпачынку. Гэта было на другі дзень пасьля нефармальнага саміту кіраўнікоў СНД, на які Саакашвілі таксама ня быў запрошаны, бо пасьля грузіна-расейскага канфлікту краіна выйшла з Садружнасьці.

Як лічыць вядомы грузінскі экспэрт, дырэктар міжнароднага цэнтру геапалітычных дасьледаваньняў Тэнгіз Пхаладзэ, такія нефармальныя сустрэчы паміж палітыкамі нярэдкія ў дыпляматычнай практыцы. Няма вялікага сюрпрызу і ў тым, што сустрэча кіраўнікоў Грузіі і Беларусі адбылася менавіта на ўкраінскай тэрыторыі. Паводле Пхаладзэ, істотную ролю тут адыгрывае «тэма прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, дзе пазыцыя Беларусі і Ўкраіны мае вялікае значэньне. Акрамя таго, абедзьве дзяржавы знаходзяцца пад вялізным ціскам з боку Расеі. Ну, а зь Беларусьсю ўсё ясна: газавы канфлікт, павышэньне цэнаў і г.д.»
Грузія ня можа сабе дазволіць мець якую-колечы антыпатыю ў дачыненьні да стратэгічных краін.

Як мяркуе намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту міжнародных спраў, хрысьціянскі дэмакрат Ніко Лаліяшвілі, сустрэча прэзыдэнтаў адбылася ў адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі Грузіі, а таксама была неабходнаю дзеля аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі: «Грузія ня можа сабе дазволіць мець якую-колечы антыпатыю ў дачыненьні да стратэгічных краін».

«У палітыцы ніколі нельга гаварыць «ніколі», падае грузінская «Свабода» словы дыплямата Зураба Абашыдзэ, былога пасла Грузіі ў НАТО і Расеі. І калі, зыходзячы зь дзяржаўных інтарэсаў, неабходна супрацоўнічаць з Лукашэнкам, калі дзеля гэтага ж патрабуецца нефармальная сустрэча ў Крыме, паездка на дзень нараджэньня Януковіча, чыю суперніцу Юлію Цімашэнку ўлады Грузіі і асабіста Міхаіл Саакашвілі адкрыта падтрымлівалі, то ці не магчыма ў бліжэйшай будучыні ўбачыць за сталом перамоваў Саакашвілі і Мядзьведзева або Саакашвілі і Пуціна?

«Цяпер у мяне няма аніякай інфармацыі, каб пацьвердзіць гэта, аднак я гэтага не выключаю, — кажа грузінскі дыплямат. — Я б, напрыклад, нармальна ўспрыняў бы такое, шчыра кажучы. Зразумела, гледзячы пра што будзе весьціся размова. Аднак на нейкім этапе гэтыя стасункі павінны быць адноўленыя, гэта цяпер ужо аксіёма».