"Грунвальд": у кавярні цішыня. Але зьявіліся маркі і манэты

Як у Беларусі былі адзначаныя 600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы? Ці ладзіліся ў гэтыя дні сьвяточныя імпрэзы, ці былі ўрачыстасьці? Ці выкарысталі такую нагоду, як юбілей Грунвальду, бізнэсоўцы, рэстаратары, турыстычныя агеныі ў камэрцыйных мэтах?

Што да дзяржаўных мерапрыемстваў, асноўныя ўрачыстасьці ладзіліся тры тыдні таму ў Наваградку, дзе прайшоў фэст сярэдневечнай культуры. Дзяржаўныя тэлеканалы – і БТ, і ОНТ падрыхтавалі адмысловыя дакумэнтальныя цыклі, якія ідуць у эфіры менавіта ў гэтыя дні. Моладзі так і не далі паўнавартасна правесьці баі падушкамі, імпрэзу забараніў Менгарвыканкам...

Ёсьць у сталіцы кавярня з назовам "Грунвальд", у якой яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, у, так бы мовіць, не юбілейныя гады была традыцыя адзначаць угодкі Грунвальдзкай бітвы. Дарэчы, і інтэр'ер адпаведны, рыцары ў дасьпехах. Што да 600-годзьдзя, распавядае юрыст, адмыслоўца ў сфэры рэклямы Дар'я Каткоўская:
мяне проста абурыла, што кавярня з такой назвай не выкарыстала ну ніяк 600-годзьдзе бітвы ...

"Я была акурат 15 ліпеня ў кавярні "Грунвальд", што на вуліцы Карла Маркса, і мяне проста абурыла, што кавярня з такой назвай не выкарыстала ну ніяк 600-годзьдзе бітвы. Ніякай праграмы 15-га не было, ніякай нават аб'явы. Можна было прыдумаць тысячу шыкоўных рэклямных ідэй. Мне шкада менавіта з маркеталягічнага пункту гледжаньня. Яны маглі проста клясна цэлы месяц "зрубіць бабла" і, акрамя гэтага, яшчэ падняць сьвядомасьць беларусаў. У мэтро было шмат рэклямы на беларускай мове – вось я праехала адзін раз і заўважыла 4 розныя рэклямы турыстычных агенцый, якія на беларускай мове запрашалі на беларускай мове ехаць на 600-годзьдзе Грунвальда ў Мальбарк. Тыя, хто хоча зарабіць грошы – зарабляюць. Я ведаю, што было шмат ахвотных, досыць складана было трапіць на гэтыя аўтобусы".

Мы патэлефанавалі ў кавярню "Грунвальд", адказаў адміністратар:

"Ці адзначаліся неяк 600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы ў кафэ? Ці былі ў вас нейкія імпрэзы?"

"У самім кафэ – не. Ня ведаю чаму. Гэта пытаньне да заснавальніка. Але на гэтыя выходныя ён якраз зьехаў у Польшчу на ўрачыстасьці, прысьвечаныя Грунвальдзкай бітве".

А вось мэнэджэр беларускамоўных праектаў Алесь Мазанік арганізаваў імпрэзу, прысьвечаную юбілею Грунвальду, 15 ліпеня ў сталічнай кавярні "Валерыя":

"Я запрасіў музыкаў: фальклёрны гурт "Гуда", Андрэя Плясанава з гурту "План". Які прыехаў у поўнай амуніцыі, з музычным абсталяваньнем. Удзельнічалі Ян Маўзэр з гурту "Маўзэр", які прачытаў свае вершы, адзін з найбольш выбітных паэтаў сучаснасьці Віталь Рыжкоў і папулярны выканаўца сваіх вершаў Рагнед Малахоўскі. Чатыры гадзіны доўжылася сама імпрэза, яна адбывалася ў такой лёгкай, нязмушанай атмасфэры. Наступная імпрэза будзе прымеркаваная да 8 верасьня, Дня беларускай вайсковай славы".


Фота asia-paplausk.livejournal.com


Нацыянальны банк Беларусі выпусьціў памятныя манэты да 600-х угодкаў Грунвальду – залатыя, срэбныя і медна-нікелевыя. Дарэчы, юбілейныя манэты выпушчаныя і ў суседніх Літве і Польшчы. Можна, канечне, спрачацца, камусьці яны падабаюцца, камусьці не, тут справа густу. На Радыё Свабода зьвярнуліся прадстаўнікі Менскага сходу нашчадкаў шляхты і дваранства. Юры Шарамет, паводле ягоных словаў, выказаў калектыўнае меркаваньне:

"Калі на польскай манэце выява караля Ягайлы, і калі крыху павярнуць – 2010 і 1410 гады. Прыгожа зроблена. Літоўцы зрабілі крыху прасьцей: на адным баку "Пагоня", на другім – коп'і, выявы, ну, больш-менш. А на беларускай манэце – з аднаго боку морква, а з другога – дактыляскопічны адбітак пальца. Усё, больш мы там нічога не ўбачылі".

Праўда, у апісаньні манэты на сайце Нацбанку тое, што прадстаўнікі шляхты палічылі за моркву, падаецца як стылізаваная выява мяча, ну а на другім баку -- стылізаваная пячатка ў выглядзе адбітка вялікага пальца.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусьціла адмысловую марку "600-годзьдзе перамогі пад Грунвальдам".

Аўтары паштовай мініатуры мастакі Ганна Малаш і Іван Лукін падышлі больш рэалістычна – на марцы фрагмэнт бітвы, батальная сцэна.