Час паездкі зь Менску ў Літву маюць скараціць

Беларусь і Літва разьлічваюць на дапамогу Эўразьвязу ў фінансаваньні праекту хуткасных пасажырскіх чыгуначных зносін па маршруце Менск-Вільня.

Пра гэта паведаміў журналістам начальнік Беларускай чыгункі Анатоль Сівак.

У траўні гэтага году бакі дасягнулі дамоўленасьці аб арганізацыі хуткасных пасажырскіх чыгуначных зносін паміж Менскам і Вільняй.

На першым этапе прадугледжваецца выкарыстаць наяўныя рэзэрвы, каб зьменшыць час знаходжаньня пасажыраў у дарозе "без інфраструктурных зьменаў". За кошт спрашчэньня мытных працэдур і абнаўленьня саставу можна скараціць час паездкі да 2,5 гадзін.

Паводле Сівака, каб яшчэ больш скараціць час знаходжаньня ў дарозе, неабходная мадэрнізацыя, бо беларускі ўчастак да Маладэчна — электрыфікаваны, а літоўскі — не. Літоўскі бок гатовы прапрацаваць пытаньне мадэрнізацыі дарогі.