У Менску затрымалі актывіста кампаніі “Гавары праўду”

6 жніўня ля сваёй кватэры быў затрыманы актывіст кампаніі «Гавары праўду» Міхась Башура. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў паплечнік Башуры Алег Мяцеліца.

А 17-й гадзіне ў дзьверы здыманай Міхасём Башурам кватэры пагрукаў чалавек у цывільным. Ён па-панібрацку прапанаваў Башуру выйсьці паразмаўляць. Той адмовіўся і дзьвярэй не адчыніў. Аднак чалавек у цывільным не сышоў.

Калі а 19-й гадзіне Башура мусіў выйсьці з кватэры па справах, яго перастрэлі і настойліва прапанавалі праехаць у Савецкі РУУС.

Там Башура запатрабаваў выклікаць свайго адваката і адмовіўся даваць безь яго якія-кольвек паказаньні. На актывіста склалі пратакол затрыманьня, і цяпер разглядаецца магчымасьць затрыманьня яго на трое сутак.

Ноч актывіст правёў у пастарунку. Сайт zapraudu.info паведамляе, што супраць Башуры ўсчатая крымінальная справа паводле 380-га артыкулу — «падробка, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штапмаў, пячатак, блянкаў». Яго вінавацяць у падробцы даведкі для крэдыту.

Апошнім часам кампанія «Гавары праўду» пачала збор подпісаў за вылучэньне свайго лідэра Ўладзімера Някляева дэлагатам на Ўсебеларускі народны сход.