Экспэртыза цела Бябеніна: “Памёр у выніку асьфіксіі”

Алег Бябенін

Экспэртыза цела журналіста сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна паказала, што ён памёр у выніку ўдушэньня. У міліцыі ўжо зрабілі папярэднюю выснову пра самагубства журналіста, у чым сумняваюцца журналіставы калегі.

Грамадзянская паніхіда па Алегу Бябеніну адбудзецца 6 верасня з 14 да 15 гадзін у Менску ў зале рытуальных паслуг па вуліцы Альшэўскага, 12. Пахаваньне адбудзецца 6 верасьня на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках сталіцы.

Цела Алега Бябеніна было знойдзенае ў ягоным дачным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну 3 верасьня ўвечары. Адносна дакладнага часу — разыходжаньні. Вось што казала рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна ўчора, праз тры гадзіны пасьля таго, як сястра жонкі Бябеніна знайшла журналіста ў пятлі:

«Ведаю, што знайшлі сёньня ў 17:30 на ягоным лецішчы пад Менскам. Больш падрабязнасьцяў ня ведаю».

Сёньня, 4 верасьня, ў размове з карэспандэнтам БелаПАН супрацоўнік прэсавай службы Менскай абласной міліцыі Аляксандр Данільчанка паведаміў, што цела было знойдзена а 19-й гадзіне. Пра абставіны здарэньня міліцыянт паведаміў:

«Бябенін быў знойдзены на самаробнай пятлі, прымацаванай да лесьвічнага пралёту, які вёў на другі паверх. Побач ляжаў зэдлік».

Паводле міліцыянта, у доме знайшлі дзьве пустыя бутэлькі з-пад сьпіртнога напою «Беларускі бальзам». Сьлядоў барацьбы, а таксама зьнешніх пашкоджаньняў на трупе знойдзена не было. Не знайшлі міліцыянты і перадсьмяротнай запіскі. Апэратыўна-сьледчая група, якая правярала здарэньне, апытала суседзяў, якія сказалі, што ня бачылі на лецішчы Бябеніна іншых асобаў. «Самагубства» — такую папярэднюю выснову зрабілі міліцыянты і паведамілі пра гэта мэдыям. Гэта было да таго, як закончылася экспэртыза цела Алега Бябеніна. Што да пракуратуры, там з высновамі не сьпяшаліся.

У сярэдзіне дня пракурор Дзяржынскага раёну Сяргей Каўрыга гэтак адказаў на маю просьбу выказацца адносна здарэньня:

«Так, быў знойдзены ў пятлі, але яшчэ няма вынікаў анатамаваньня, праводзіцца праверка. Экспэртыза закончыцца пасьля 16 гадзінаў».

Праз 3 гадзіны пракурор Сяргей Каўрыга паведаміў вынік экспэртызы: сьмерць наступіла ад асьфіксіі у выніку ўдушэньня ад павешаньня на пятлі. Час сьмерці пракурор не назваў, спаслаўшыся на тое, што ня мае перад сабой дакумэнту. Наяўнасьць ці адсутнасьць алькаголю ў крыві выявіць дадатковая хімічная экспэртыза прыкладна праз 2 тыдні.
На целе не знайшлі зьнешніх пашкоджаньняў, акрамя странгуляцыйнай баразны.


Каўрыга: «Асноўная вэрсія — самагубства. На целе не знайшлі зьнешніх пашкоджаньняў, акрамя странгуляцыйнай баразны».

Калегі і сябры Алега Бябеніна ўжо выказалі сумнеў у вэрсіі міліцыі адносна самагубства. Кіраўнік «Эўрапейкай Беларусі» Андрэй Саньнікаў сказаў, што супраць гэтай вэрсіі тое, як паводзіў сябе Алег Бябенін напярэдадні: ён быў поўны плянаў, нядаўна вярнуўся з адпачынку ў Грэцыі, паводзіў сябе, як звычайна, на пятніцу была прызначаная зь ім сустрэча — Бябенін, паводле Саньнікава, быў актыўным сябрам штабу магчымага кандыдата ў прэзыдэнты. Падазроным лічыць Андрэй Саньнікаў і тое, што не была знойдзеная перадсьмяротная запіска Бябеніна, якога палітык назваў вельмі адказным чалавекам.

Карэспандэнт: «Вы былі на лецішчы, дзе ўсё здарылася. Ці ёсьць нейкія абставіны здарэньня, якія б наводзілі на падазрэньні?»

Саньнікаў: «Ёсьць, але на просьбу сваякоў я гэтага не камэнтую».

Андрэй Саньнікаў ня верыць ў вэрсіі пра алькаголь ці сямейныя праблемы, што звычайна разглядаюцца міліцыяй як імаверныя прычыны падчас праверак выпадкаў самагубстваў. Паводле Андрэя Саньнікава, Алег Бябенін ня злоўжываў алькаголем і ня скардзіўся на сытуацыю ў сям’і. Журналіст вельмі любіў сваіх сыноў, асабліва меншага:

«Ён быў ад сына ў захапленьні, той быў для яго сапраўды сьвятлом у акенцы».

Калегу журналіста па сайце «Хартыя-97» Натальлю Радзіну я спытаў, ці казаў апошнім часам Алег Бябенін пра ўвагу да яго ці перасьлед з боку спэцслужбаў?

«Ведаю толькі, што ціск на сайт быў заўсёды і ён ёсьць. Пэўна, ад яго апошнім часам нечага такога я ня чула, але нічога нельга выключаць».

Паводле сваякоў Алега Бябеніна, верагодна, што яго пахаваньне адбудзецца ў панядзелак, 6 верасьня.