Разьвітаньне з Алегам Бябеніным

16.10 Цела Алега Бябеніна пахавалі на Ўсходніх могілках. Лідэр кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэй Саньнікаў выступіў у жалобным мітынгу. У прыватнасьці ён сказаў: Алег Бябенін быў выдатным арганізатарам і надзейным чалавекам, які жыў дзеля іншых.

Спадар Саньнікаў казаў, што адчувае невыноснае пачуцьцё страты. "Я атрымаў вялікую колькасьць СМС-паведамленьняў і званкоў з усяго сьвету. Людзі былі ўражаны, калі ўбачылі цудоўны і адкрыты твар Алега". Каардынатар руху "Эўрапейская Беларусь" казаў, што Бябенін стварыў адзін з самых папулярных беларускіх інтэрнэт-сайтаў".

15.15 Скончылася грамадзянская паніхіда. Труну вязуць на Ўсходнія могілкі.

15.00
Людзей на разьвітаньні паболела – цяпер іх некалькі сотняў. Ніякіх прамоваў на паніхідзе няма – людзі разьвітваюцца моўчкі.

14.00
Пачынаецца грамадзкая паніхіда. Пакуль невядома ці заплянаваныя прамовы. Прыйшлі каля 50 чалавек. Сярод іншых далучыліся палітыкі Ўладзімер Някляеў, Віктар Івашкевіч, Павал Севярынец, правабаронцы Алесь Бяляцкі, Валеры Шчукін, Алег Воўчак, музыкі Аляксандар Кулінковіч і Ігар Варашкевіч, моладзевыя актывісты Яўген Афнагель, Артур Фінькевіч, Павал Юхневіч. Рытуальная заля не ўмяшчае усіх, хто прыйшоў разьвітацца з Алегам Бябеніным. Выставілі скрынку для ахвяраваньняў сям'і нябожчыка.

13.30
З Алегам Бябеніным разьвітваюцца родныя. Калегі, палітыкі і грамадзкія дзеячы чакаюць на вуліцы. З палітыкаў прысутнічаюць кіраўнік ініцыятывы "Эўрапейская Беларусь" Андрэй Саньнікаў, старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч. Сярод супрацоўнікаў СМІ – кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

Разьвітаньне праходзіць у зале рытуальных паслуг па вуліцы Альшэўскага, 12.

Алега Бябеніна пахаваюць на Ўсходніх могілках.

Цела заснавальніка сайту "Хартыя-97" было знойдзенае ў ягоным дачным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну ўвечары 3 верасьня.

Экспэртыза паказала, што ён памёр у выніку ўдушэньня. Міліцыя і пракуратура настойвае на вэрсіі, што Алег Бябенін скончыў жыцьцё самагубствам. Аднак калегі нябожчыка сумняваюцца ў гэтай вэрсіі.