Вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп

Цэнтравыбаркам зарэгістраваў 17 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Ці можна лічыць лібэральнай пазыцыю ЦВК падчас гэтай працэдуры? Чаму рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Аляксандара Лукашэнкі прайшла з скандалам? Колькі кандыдатаў зьбяруць неабходныя 100 тысяч подпісаў?

Удзельнікі: журналіст газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.



Ці можна лічыць лібэральнай пазыцыю ЦВК падчас рэгістрацыі?


Валер Карбалевіч: «Сакратар ЦВК Лазавік назваў працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп супэрлібэральным. Ці сапраўды ён быў такім? Калі так, то чаму? Улады імкнуцца, каб ініцыятыўных групаў было шмат?

Паўлюк Быкоўскі: «І Ярмошына тлумачыла, што ЦВК фактычна цягнуў за вушы кандыдатаў. Сапраўды рэгістрацыя ініцыятыўных групаў была неверагодна лібэральнай. Тыя парушэньні, за якія раней адмаўлялі ў рэгістрацыі, цяпер ігнаравалі. Паседжаньне ЦВК было падобнае на спэктакль. Відаць, паводле сцэнару на гэтым этапе павінна быць шмат ініцыятыўных групаў».

Аляксандар Класкоўскі: «Сапраўды, на парушэньні дэманстратыўна глядзелі скрозь пальцы. Проста ў рэгістрацыі вялікай колькасьці ініцыятыўных груп для ўладаў няма ніякай рызыкі. Таму можна такім паказным лібэралізмам пусьціць пыл у вочы Эўропе. Невыпадкова Ярмошына сказала, што цяпер пасаромленыя ўсе тыя, хто казаў пра недахоп дэмакратыі ў Беларусі. Вось гэты кастынг прэтэндэнтаў з нулявымі шанцамі амаль што для ўсіх на выхад ў наступны этап выдаецца за трыюмф дэмакратыі.

Гэта робіцца таму, што абвастраецца пытаньне легітымацыі. Ня толькі Захад, але і Расея можа не прызнаць выбары. Таму ўлады імітуюць псэўдаканкурэнтнасьць.

Думаю, уладам выгадна зарэгістраваць двух, так бы мовіць, „радыкальных апазыцыянэраў“. Няхай яны тузаюцца між сабой. І будзе адбывацца тое, што ў фізыцы называецца „анігіляцыя“, калі часьціцы з процілеглымі зарадамі (у нашым выпадку прарасейскі і праэўрапейскі кандыдат) нэўтралізуюць адзін аднаго».

Скандал з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы Лукашэнкі


Карбалевіч: «Вось сп. Класкоўскі адзначыў, што абвастраецца пытаньне легітымацыі вынікаў выбараў, на якіх, як мяркуецца, павінен перамагчы Лукашэнка. Тады незразумела, чаму рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі адбылася з парушэньнем закону, які патрабуе, каб заяўку падаваў сам кандыдат. Нават кіраўніка яго ініцыятыўнай групы Радзькова ў памяшканьні ЦВК ніхто ня бачыў. Калі нават ён і прыносіў дакумэнты на рэгістрацыю, то чаму таемна, з чорнага ходу? Навошта ўлады ідуць на скандал у простай, працэдурнай сытуацыі? Навошта яны зрабілі, як кажуць футбольныя камэнтатары, неабавязковы фол?»

Быкоўскі: «Нельга сказаць адназначна, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі адбылася з парушэньня закону. Ярмошына даводзіць, што ўсё законна. Паводле яе словаў, Радзькоў зайшоў у яе кабінэт і аддаў дакумэнты.
Мусіць, ён ня хоча быць на роўні зь іншымі. Бо, як у Оруэла, ёсьць раўнейшыя.

Сапраўды, Лукашэнку можна было б, як іншым кандыдатам, прыйсьці ў ЦВК, перадаць дакумэнты, паказаць па тэлевізіі. Але, мусіць, ён ня хоча быць на роўні зь іншымі. Бо, як у Оруэла, ёсьць раўнейшыя».

Класкоўскі: «Літаральна днямі Лукашэнка назваў апазыцыю ворагамі народу. І як ён можа ў ЦВК апынуцца на роўніцы з ворагамі народу. Згадваю, калі ў 2006 годзе на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты ў Лукашэнкі былі ня надта прыемныя моманты, калі Казулін дазваляў сабе вольныя выказваньні. То бок, побач з апазыцыянэрамі ён адчуваў псыхалягічны дыскамфорт.

Але ў выніку атрымалася ня вельмі добра. Як і зь пераносам дня нараджэньня. Атрымалася блытаніна, у копіі пашпарту напісана старая дата — 30 жніўня. Гэта стварае дыскамфорт для ЦВК. Бо журналісты задаюць непрыемныя пытаньні, і Ярмошынай даводзіцца круціцца».

Карбалевіч: «Мне зразумела трактоўка, паводле якой сам Лукашэнка не прыехаў у ЦВК. Але мяне зьдзіўляе сп. Радзькоў. Што за хованкі падчас такой публічнай кампаніі, як прэзыдэнцкія выбары? Па нармальнай лёгіцы трэба было б адмыслова выйсьці да журналістаў, хоць бы для нейкіх дзяжурных словаў пра дэмакратыю».

Чаму шмат «дзівакоў»?


Карбалевіч: «Чаму сярод прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта апынулася так шмат выпадковых людзей, „дзівакоў“, скажам так? Гэта частка сцэнару ўлады? Калі так, то ў чым яго сэнс?»

Быкоўскі: «Гэта ня ў першы раз так шмат групаў. У 2001 годзе было 23 ініцыятыўныя групы, а ў 1994 годзе — 19. Адны людзі хочуць такім чынам прыцягнуць да сябе ўвагу, зрабіцца вядомымі, каб потым выкарыстаць гэта для новых магчымасьцяў. А некаторыя, скажам асьцярожна, неадэкватна ацэньваюць свае магчымасьці».

Карбалевіч: «Але ў Беларусі вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты азначае стаць канкурэнтам Лукашэнкі. Гэта ж рызыкоўны крок».
І на тле гэтых несур’ёзных фігураў выгадна вылучаецца Лукашэнка, які ня ўдзельнічае ў гэтым кастынгу.

Класкоўскі: «Ня думаю, што ёсьць вялікая рызыка, калі гаворка ідзе пра яўна непрахадных кандыдатаў. Ніхто іх ня будзе рэпрэсаваць. Не выключаю, што сярод іх ёсьць „засланыя казачкі“. А ёсьць і шчырыя дзівакі. Але і тыя, і іншыя працуюць на сцэнар уладаў. Бо ў выніку атрымліваецца балаган.

І на тле гэтых несур’ёзных фігураў выгадна вылучаецца Лукашэнка, які ня ўдзельнічае ў гэтым кастынгу, ладзіць сваю кампанію ў ролі дзейнага прэзыдэнта. І на пытаньне абываталя „хто, калі не Лукашэнка?“ няма зразумелага адказу. Апазыцыя ня можа дамовіцца паміж сабой. Тады няхай застаецца бацька, думае абываталь».

Колькі кандыдатаў зьбяруць 100 тыс. подпісаў?


Карбалевіч: «Колькі кандыдатаў зьбяруць неабходную колькасьць подпісаў? Ці можна гэта сказаць, зважаючы на колькасны склад ініцыятыўных групаў?»

Быкоўскі: «Досьвед мінулых кампаній сьведчыць, што кандыдаты, якія мелі менш за 2 тысячы сябраў, подпісы не зьбіралі. Зразумела, зьбяруць Лукашэнка і Гайдукевіч па розных прычынах. Вялікія групы ў Някляева (звыш 3 тысяч) і Саньнікава (2 тысячы), Міхалевіча (1,8 тысячы). Яны — на мяжы пасьпяховага збору. У астатніх кандыдатаў вялікай надзеі няма. Магчыма, яны будуць спрабаваць аб’ядноўвацца. Ёсьць людзі, якія прысутнічаюць ва ўсіх ініцыятыўных групах. І гэта абяцае балаган са зборам подпісаў».

Класкоўскі: «Лукашэнка апынаецца ў палоне высокіх паказчыкаў. З кожнай кампаніяй вырастае колькасьць яго ініцыятыўнай групы. Адпаведна павінна вырасьці і колькасьць подпісаў. Бо трэба задавіць канкурэнтаў масай. І, адпаведна, павінны вырасьці выніковыя паказчыкі галасаваньня, якія агалошвае ЦВК. У 1994 годзе ў першым туры Лукашэнка атрымаў 45%, у 2001 — 76%, у 2006 — 83%. Па лёгіцы цяпер трэба, каб было больш, каб электарат не падумаў, што бацька саслабеў. І праўладныя сацыялягічныя інстытуцыі ўжо арыентуюць вэртыкаль на гэтыя лічбы.

А калі казаць пра апазыцыю, то, мусіць, маюць шанцы сабраць подпісы Някляеў, Саньнікаў. Уладам выгадна, каб два апазыцыйныя кандыдаты былі зарэгістраваныя. Таму будуць нават нацягваць, глядзець скрозь пальцы на памылкі ў подпісах. Глядзіце: у 2001 годзе было зарэгістравана два кандыдаты (Домаш, Ганчарык), у 2006 годзе — два (Мілінкевіч, Казулін). І няхай прарасейскі і праэўрапейскі кандыдаты палемізуюць паміж сабою, дыскрэдытуюць адзін другога. Улады дапамогуць. Ярмошына казала, што, магчыма, пройдуць дэбаты па тэлевізіі. Лукашэнка, зразумела, ня будзе ў іх удзельнічаць. Чым далей, тым больш вымалёўваецца памылка апазыцыі, якая ня здолела вылучыць адзінага кандыдата».