Актывіст падпісаўся не за таго Лукашэнку

Кастусь Жукоўскі

Гомельскі грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі атрымаў тлумачэньні ад старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай наконт адкліканьня свайго подпісу за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты на чацьвёрты тэрмін.

Спадарыня Ярмошына раіць актывісту зьвярнуцца наконт гэтага ў тэрытарыяльную камісію свайго раёну.

Як патлумачыў Кастусь Жукоўскі, ён мусіў напісаць заяву ў Цэнтравыбаркам, каб адклікаць свой подпіс за Аляксандра Лукашэнку, бо ўбачыў на адным і тым жа пікеце як бы двух розных прэтэндэнтаў:

"Насамрэч я ня ведаю, за каго падпісаўся, бо калі я падышоў да зьбіральнікаў подпісаў, мне патлумачылі, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка нарадзіўся 31 жніўня — і я за яго падпісаўся зь вялікім задавальненьнем. Празь дзень бачу — Аляксандар Рыгоравіч ужо другі, які нарадзіўся 30 жніўня. Тут як бы два чалавекі, і трэба аднаго здымаць з выбараў. Ва ўсякім разе, штосьці з гэтым трэба было рабіць".

У заяве ў Цэнтравыбаркам спадар Жукоўскі прасіў удакладніць, колькі людзей з прозьвішчам Лукашэнка балятуюцца на прэзыдэнцкі пост і хто менавіта зь іх цяпер прэзыдэнт.

Зь ліста Ярмошынай вынікае, што ў дакумэнтах дзеля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы "датай народзінаў Лукашэнкі ўказана 30 жніўня 1954 году".

Цяпер Кастусь Жукоўскі рыхтуе заяву ў раённую выбарчую камісію, каб адклікаць свой подпіс, паколькі ён падпісаўся за Аляксандра Лукашэнку, які нарадзіўся 31 жніўня 1954 году".