Лукашэнка гатовы быць самым актыўным партнэрам

Беларусь гатова быць самым актыўным удзельнікам «Усходняга партнэрства», заявіў Аляксандр Лукашэнка сёньня ў інтэрвію найбуйнейшым СМІ Нямеччыны.

«Мы гатовыя быць самай актыўнай дзеючай асобай ва "Ўсходнім партнэрстве", калі гэтага хоча Эўрапейскі зьвяз", – сказаў кіраўнік дзяржавы, канстатаваўшы, што пакуль рух у гэтай ініцыятыве вельмі слабы.

«Мы чакаем. Мы прапанавалі канкрэтныя праекты, вельмі выгадныя, у тым ліку і для Нямеччыны, для поўначы і поўдня Эўропы. Мы гатовыя да таго, каб уся Эўропа скарысталася нашымі магчымасьцямі ў сваіх інтарэсах», – падкрэсьліў ён.

Гаворачы ў цэлым аб супрацоўніцтве Беларусі і Эўрапейскага зьвязу, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што яно павінна разьвівацца, – паведамляе БЕЛТА. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, папярэднія 15 гадоў «апынуліся контарпрадуктыўнымі з пункту гледжаньня спроб ізаляваць Беларусь і неяк аслабіць нашу дзяржаву і грамадзтва».

«Гэты прыклад красамоўны і сьведчыць, што мы павінны супрацоўнічаць. Мы жывем у гэтым цесным узаемазалежным сьвеце, тым больш месца нашага пражываньня – гэта адна і тая ж кватэра, адзін і той жа квартал, імя якому Эўропа », – адзначыў Лукашэнка.

Цягам апошняга месяца А.Лукашэнка даў інтэрвію шэрагу замежных СМІ: у прыватнасьці, расейскай, літоўскай, польскай прэсе.