Мэдыкі: "Працяглая галадоўка асабліва небясьпечная ў турэмных умовах"


Трапіўшы ў няволю, крытыкі беларускага рэжыму нярэдка ідуць на такі крайні крок, як галодны страйк. Каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці на пэўную праблему, яны сьвядома адмаўляюцца ад прыняцьця ежы. Як лічаць мэдыкі, гэтым яны ставяць пад пагрозу ўласнае жыцьцё.


Ад 19 сьнежня бестэрміновую галадоўку ў сьценах ізалятара КДБ абвясьціў кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч. Дарэчы, падобную пратэстную акцыю супраць дзеяньняў уладаў палітык робіць ужо трэці раз. Свой першы галодны страйк беларускі апазыцыйны палітык правёў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе, калі яго кінулі ў СІЗА. Менавіта пасьля той галадоўкі, расказваў "Свабодзе" незадоўга да арышту Статкевіч, ён, цалкам здаровы і трэніраваны чалавек, усё ж займеў праблемы са здароўем. Размова ідзе пра органы дыханьня, якія аднымі зь першых выходзяць са строю ў вязьняў-галадоўнікаў.

"Маю адну праблему са здароўем. Гэта было пасьля галадоўкі. Справа была зімой, камэра не праветрывалася, была перапоўненая, а мужыкам перадавалі мяхамі цыгарэты. Вось я і займеў праблемы з бранхітам".

З гледзішча адмыслоўцаў-мэдыкаў, працяглая адмова ад ежы (больш за 7—10 дзён), пагатоў ва ўмовах зьняволеньня, шкодзіць найперш імунітэту. У вязьняў узьнікаюць праблемы з органамі дыханьня, а таксама крывёй. Пры шматтыднёвай галадоўцы адбываюцца дэгенэратыўныя або дыстрафічныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках. А гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да лятальнага выніку.

Традыцыі прымусовага кармленьня

У пэнітэнцыярных сыстэмах цывілізаваных краін дзейнічае правіла: галадоўніка ўжо на пяты дзень зьмяшчаюць у санчастку, дзе мэдыкі і псыхолягі кантралююць стан яго здароўя і пераконваюць вярнуцца да ежы. У Беларусі, як сьведчаць некаторыя колішнія палітвязьні, галадоўніка таксама могуць наведаць турэмныя псыхолягі ды мэдыкі. Першыя звычайна ні ў чым не пераконваюць, а толькі прызнаюцца, што з улікам "парогавай сытуацыі" маюць прадпісаньне праводзіць адпаведныя размовы. Што да мэдыкаў, дык тыя наведваюць арыштаванага дзесьці на 8—10 дзень пасьля абвяшчэньня страйку і папярэджваюць аб прымусовым кармленьні.

У сваіх турэмных дзёньніках журналіст Павал Шарамет піша, як падчас галадоўкі ў гарадзенскай турме яго пэрыядычна наведваў лекар — цікавіўся самаадчуваньнем і папярэджваў, што на дзясяты дзень галадоўніка могуць пачаць карміць прымусова: "Ня ты першы, ня ты апошні, загонім трубку ў горла і будзем карміць. Не аднаму ўжо кадык ірвалі, зубы выбівалі, лепш перастань…".

Пра традыцыі прымусовага сілкаваньня ў гарадзенскай турме ў свой час з абурэньнем пісалі беларускія савецкія гісторыкі. У жніўні 1931 году тут адбывалася галадоўка палітзьняволеных — адна з найбольш масавых і працяглых у Заходняй Беларусі. Тады адміністрацыя турмы пад выглядам штучнага кармленьня задушыла аднаго з кіраўнікоў гарадзенскай камсамольскай арганізацыі Д. Скульчыка. Афіцыйна ж сьцьвярджалася, што Скульчык скончыў жыцьцё самагубствам. Тым ня менш, паводле некаторых зьвестак, 150 удзельнікаў галадоўкі ўсё ж дамагліся выкананьня шэрагу патрабаваньняў. Страйкоўцы выступалі супраць знаходжаньня ў адных камэрах з крымінальнікамі, а таксама патрабавалі дазволу перадаваць у камэры ня толькі прадукты харчаваньня, але і кнігі, газэты.

Як праводзіць галадоўку і выходзіць зь яе


Паводле мэдыкаў, якія ў розны час кансультавалі вязьняў-галадоўнікаў, такая пратэстная акцыя азначае вялікі стрэс для арганізму. І перш чым пайсьці на яе, чалавек павінен усьведамляць, чаго ён можа дамагчыся.

У выніку працяглай адмовы ад ежы адбываюцца дэгенэратыўныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках, што можа прывесьці да лятальнага выніку
Адмысловец у галіне ўнутраных захворваньняў Аляксандар перакананы, што галадоўка абсалютна супрацьпаказана людзям зь нізкай масай цела, а таксама тым, хто мае эндакрынныя і шэраг іншых захворваньняў. Калі ж на такі крайні крок ідзе здаровы ў цэлым чалавек, дык яму вельмі пажадана выконваць наступныя правілы: па-першае, піць шмат вады, па-другое, часта мыцца, па-трэцяе, рухацца. Іншая рэч, наколькі гэта магчыма ва ўмовах вязьніцы.

Аляксандар: "Вады трэба піць прынамсі тры-чатыры літры ў дзень. У чалавека істотна мяняецца мэтабалізм. Расшчапляецца тлушч і пачынаюць вылучацца некаторыя рэчывы, не ўласьцівыя звычайна нашаму абмену. Напрыклад, розныя кетонныя целы, якія вырабляе пячонка. А гэта не зусім тое, што патрэбна арганізму. Зразумела, арганізм трэба ўвесь час прамываць. Таксама трэба часта прымаць душ, улічваючы, што ня надта патрэбныя рэчывы выдзяляюцца потавымі залозамі праз скуру. Калі належнай гігіены няма, можа ўзьнікнуць фурункулёз, іншыя сур'ёзныя інфэкцыі".

Як сьведчаць колішнія вязьні, і душ, і гігіена — надзвычайная раскоша ва ўмовах вязьніцы. Што да шпацыру і іншых рухаў, дык пасьля 10 дзён галадоўкі ва ўмовах сьпёртага паветра ў камэры хочацца толькі спаць або з болем галавы валяцца на нарах.

Адзін з найбольш складаных момантаў у працяглай галадоўцы, лічаць адмыслоўцы, — выхад зь яе, то бок паступовы пераход да ўжываньня ежы. Таму лекары павінны асабліва пільна кантраляваць гэты пэрыяд. У гісторыі савецкага дысыдэнцтва было нямала прыкладаў, калі страйкоўцы паміралі пасьля таго, як пратэстная акцыя спынялася. Так здарылася з савецкім дысыдэнтам Анатолем Марчанкам, які патрабаваў сваёй 100-дзённай галадоўкай вызваленьня ўсіх палітвязьняў у СССР.

"Галадоўка ў турме шкодзіць найперш імунітэту"
Кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў 2006 годзе Аляксандар Казулін галадаваў у няволі 53 дні. За гэты час ён страціў прыкладна 30 кг. Сваёй акцыяй палітвязень імкнуўся прыцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці да стану рэчаў у Беларусі. У выніку Казулін дамогся разгляду беларускай сытуацыі ў Радзе бясьпекі ААН. Як сьведчылі ў свой час адвакаты і сваякі палітыка, Казулін вельмі цяжка выходзіў з галадоўкі. Аднак ва ўмовах Віцебскай калёніі ён быў пазбаўлены належнага мэдычнага нагляду. Нягледзячы на надзвычай кепскае самаадчуваньне, ён штодня атрымліваў зьдзеклівыя дысцыплінарныя прычэпкі. Яму блякавалі доступ да інфармацыі і зносіны з навакольным сьветам.

Цягам трох месяцаў галадаваў і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. За гэты час ён схуднеў на 35 кг. Паводле адваката вязьня, стан здароўя падабароннага на момант спыненьня галадоўкі ацэньваўся як крытычны. Вязень дайшоў да таго, што кожны рух даваўся яму зь вялікай цяжкасьцю.