Польшча заклікала ЗША аказаць дапамогу беларускім дысыдэнтам

Барак Абама і Робэрт Купецкі, архіўнае фота.

Амбасадар Польшчы ў ЗША Робэрт Купецкі параўнаў барацьбу дэмакратычных актывістаў у Беларусі з рухам Салідарнасьці ў яго краіне ў часы праўленьня камуністаў.

Купецкі заклікаў ЗША супаставіць дапамогу Беларусі з падтрымкай польскім дысыдэнтам ў гады халоднай вайны.

«На розум прыходзіць тая роля, якую заходнія свабодныя інстытуты гулялі ва ўсталяваньні свабоды ў Польшчы»,— сказаў Купецкі ў інтэрв’ю агенцтву Associated Press.

Польшча запросіць іншыя краіны, у тым ліку ЗША, на канфэрэнцыю донараў у Варшаве на пачатку лютага з мэтай збору сродкаў для апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і дэмакратычных актывістаў, паведаміў Купецкі.

«Мы чакаем палітычнага і дэмакратычнага ціску на беларускія ўлады,— заявіў польскі амбасадар у ЗША. — Гэта мае на ўвазе ўсе формы падтрымкі дэмакратычнага грамадзтва з мэтай накіраваць дапамогу тым адважным людзям у Беларусі, якія адважыліся супрацьстаяць рэпрэсіўнаму ўраду», паведамляе БелаПАН.