Ілона Някляева хоча дамагчыся сустрэчы з бацькам

Уладзімер Някляеў

5 сакавіка ў Менск прыяжджае старэйшая дачка Ўладзімера Някляева Ілона з дачкой і ўнучкай. Яна жыве ў Маскве, у Ілоны двое дарослых дзяцей і ёсьць нават унучка, паведаміла жонка Някляева Вольга.

Пасьля пераводу са сьледчага ізалятара КДБ пад хатні арышт Някляеву не дазваляюць сустракацца з дарослымі дочкамі Ілонай і Евай. Сам Някляеў накіраваў скаргу пракурору гораду Менску Мікалаю Куліку, у якой зьвяртае ўвагу на недакладную трактоўку артыкула 6 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу: вызначэньне «асобы, якія не пражываюць зь ім», ня можа распаўсюджвацца на блізкіх сваякоў. Дочкі не зьяўляюцца іншымі асобамі, і забарона незаконная, абгрунтоўвае сваю скаргу пракурору Ўладзімер Някляеў.

Паводле словаў Вольгі Някляевай, дачка паэта Ілона мае намер стаяць пад вокнамі кватэры бацькі, пакуль ёй не дазволяць сустрэцца зь ім.