Кадафі нагадаў Сарказі пра доўг

Саіф аль-Іслам Кадафі

Няхай Сарказі аддасьць грошы, якія ён узяў у Лібіі для фінансаваньня сваёй перадвыбарчай кампаніі. Гэта мы фінансавалі яго перадвыбарчую кампанію, у нас ёсьць усе доказы, і мы гатовыя іх падаць, – заявіў сёньня ў інтэрвію тэлеканалу Euronews сын кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі Саіф аль-Іслам.

"Першае, што мы запатрабуем ад гэтага клоўна – няхай верне грошы лібійскаму народу. Мы яму дапамаглі, каб ён дапамагаў лібійскаму народу, але ён расчараваў нас. Тады няхай аддае нашы грошы! У нас ёсьць усе доказы – банкаўскія рахункі, дакумэнты, банкаўскія пераводы – і ўсё гэта мы хутка абнародуем", – заявіў адзін зь меркаваных спадкаемцаў Муамара Кадафі.

Францыя стала першай краінай, якая прызнала рэвалюцыйны ўрад у лібійскім горадзе Бэнгазі. Парыж таксама зьяўляецца ініцыятарам увядзеньня зоны, вольнай ад палётаў над Лібіяй.