Мясьніковіч абяцае захады па стабілізацыі рубля

  • БелаПАН
Прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў 20 траўня, што ў бліжэйшыя дні ўрад і Нацбанк Беларусі прымуць рашэньні для стабілізацыі сытуацыі на валютным рынку.

Пра крэдытную падтрымку з Антыкрызыснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 3 мільярды даляраў Мясьніковіч сказаў наступнае:

"Плянуецца, што ў канцы траўня — пачатку чэрвеня будуць прынятыя адпаведныя рашэньні, на падставе якіх будуць прынятыя адпаведныя зьнешнія запазычаньні. Мы ўчора са старшынём ураду Расейскай Федэрацыі яшчэ абмяркоўвалі гэта пытанне. Першы транш крэдыту ацэньваецца дзесьці ў 800 мільёнаў даляраў, дзесьці ў пачатку восені будзе другі транш, крыху больш за 400 мільёнаў даляраў у разліку на тое, што, у прынцыпе, на тры гады — 3 мільярды даляраў".

Мясьніковіч дадаў:

"Але я хачу, каб усе разумелі — гэта ня тыя сродкі, якія могуць стабілізаваць стан справаў на валютным рынку. Для гэтага неабходныя сур'ёзныя ўласныя рашэньні, якія мы будзем прымаць разам з Нацбанкам літаральна ў панядзелак-аўторак".

Паводле прэм'ер-міністра, выхад на ўніфікаваны курс нацыянальнай валюты будзе адбывацца ў два этапы. "На першым этапе будуць прынятыя рашэньні, каб зьбіць павышаны попыт, а пасля атрыманьня стабілізацыйнага крэдыту курс будзе фармавацца на падставе попыту і прапановы, што зьнізіць тыя чаканьні, якія сёння пакуль яшчэ прысутнічаюць".

Паколькі, на думку Мясьніковіча, эканоміка працуе стабільна, то ён не выключае, што "можа быць нават рэвальвацыя абменнага курсу беларускага рубля".