Беларусь адгароджваецца ад інфэкцыяў

Міністэрства аховы здароўя Беларусі робіць дадатковыя захады для недапушчэньня завозу і распаўсюджваньня на тэрыторыі краіны небясьпечных інфэкцыйных захворваньняў.

Меры выкліканыя разьвіцьцём эпідэмічнай сытуацыі па халеры ва Ўкраіне і інфэкцыі, выкліканай энтэрагемарагічнай кішачнай палачкай, у Нямеччыне.

У прыватнасьці, у прэс-службе міністэрства нагадалі, што "ўведзена забарона на транзыт сырой гародніны, вырашчанай у краінах Эўрапейскага Зьвязу, праз тэрыторыю Беларусі ў Расійскую Фэдэрацыю да асобнага распараджэньня".

Акрамя таго, "адсочваецца дастаўка кожнай партыі завезенай сырой гародніны з краін ЭЗ да месца рэалізацыі ў Беларусі". Пры гэтым "у суправаджальных дакумэнтах робіцца запіс "толькі для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі".

Паводле прэс-службы міністэрства, "забаронена, да асобнага распараджэньня, выкарыстаньне імпартнай сырой гародніны для прыгатаваньня страў ва ўстановах адукацыi, дзiцячых дашкольных установах, арганізацыях аховы здароўя, санаторна-курортных і аздараўленчых установах".

Таксама "ўзмоцнены санітарна-карантынны кантроль за пасажырамі, якія прыбываюць паветраным, чыгуначным і аўтамабільным транспартам з краін, небясьпечных па халеры, вострай кішачнай інфэкцыі".