"Камітэт абароны журналістаў" патрабуе спыніць судовы перасьлед Андрэя Пачобута

  • БелаПАН
Праваабарончая арганізацыя "Камітэт абароны журналістаў" (ЗША) патрабуе спыніць судовы перасьлед гарадзенскага карэспандэнта польскай "Газэты Выбарчай" Андрэя Пачобута. Як адзначаецца ў заяве арганізацыі, КАЖ таксама патрабуе ад беларускіх улад неадкладна вызваліць Пачобута.

"Гэта абуральна, што журналіста ў Эўропе ў 21-м стагодзьдзі судзяць пры зачыненых дзьвярах толькі за тое, што ён пісаў крытычныя артыкулы пра абранага лідэра. З Андрэя Пачобута павінны зьняць усе гэтыя палітызаваныя абвінавачаньні і вызваліць", — сказаў намесьнік дырэктара КАЖ Робэрт Махоні.

14 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну Горадні пачаўся закрыты працэс у справе журналіста Андрэя Пачобута. Ён абвінавачваецца на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: паводле часткі 1 артыкула 368 (абраза прэзыдэнта РБ) і паводле часткі 1 артыкула 367 КК (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта). Максымальнае пакараньне паводле першага артыкула — чатыры гады пазбаўленьня волі, паводле другога — два гады.

Крымінальная справа ў дачыненьні да Пачобута была распачатая 28 сакавіка. У пастанове пракуратуры сказана: "Пачобут А.С. у пэрыяд 2010—2011 гг. разьмяшчаў у глябальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт на сайтах http://www.wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com створаныя ім тэкставыя публікацыі пад загалоўкамі "Час закручваць гайкі", "Лукашэнка знайшоў чарговую мэту", "У Беларусі выбары бяз выбару", "Кажыце мне бацька", "Так кіруе Лукашэнка", "Лукашэнка: Так, я сфальсыфікаваў выбары", "Воля па-беларуску. Павініўся дык выйшаў?", "Перадвыбарны папулізм па-беларуску", "Так палохае беларускі КДБ" і адзін тэкст без загалоўка, які пачынаецца словамі "Дзякуй усім..." і які заканчваецца словамі "...можаце выкарыстоўваць", у якіх ёсьць прыкметы публічнай абразы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь".

Андрэй Пачобут, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што не дапускаў абразы Аляксандра Лукашэнкі. "Так, у гэтых публікацыях ёсьць крытыка Лукашэнкі. Але мае публікацыі абразы не зьмяшчаюць — выключна крытыка. Можа быць, крытыка жорсткая, але абразы я не дапускаў", — заявіў тады журналіст, камэнтуючы БелаПАН прэтэнзіі пракуратуры.

Пачобут быў затрыманы 6 красавіка за парушэньне падпіскі аб нявыезьдзе: ён зьбіраўся выехаць з Горадні ў Менск для ўдзелу ў відэаканфэрэнцыі з дэпутатамі Эўрапарлямэнту. Спачатку яго затрымалі на трое сутак, затым меру стрыманьня зьмянілі з падпіскі аб нявыезьдзе на ўтрыманьне пад вартай.

Вызваленьня Пачобута запатрабавалі ад уладаў РБ кіраўніцтва ЭЗ і афіцыйная Варшава. Лёс гарадзенскага журналіста таксама абмяркоўваўся на перамовах польскіх уладаў з прэзыдэнтам ЗША падчас нядаўняга візыту Барака Абамы ў Варшаву.