«Славянскі базар у Віцебску». Да гандлёвых шапікаў чэргі большыя чым па квіткі

Афіцыйнае адкрыцьцё «Славянскага базару ў Віцебску» адбылося ўвечары 8 ліпеня. Пачатак фэстывалю быў адзначаны затрыманьнямі і арыштамі напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Ва ўсім іншым — сьвяточнага ажыятажу амаль не адчуваецца.


На трое сутак быў арыштаваны старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда — яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету. Амаль штогод спадара Хамайду «ізалююць» ад «Славянскага базару» — каб госьці фэстывальнага Віцебску ня ўбачылі бел-чырвона-белы парасон каля дому № 28 па вуліцы Леніна, пад якім ён распаўсюджвае незалежную прэсу, і ня мелі магчымасьці паразмаўляць са спадаром Хамайдам, у правытнасьці, на палітычныя тэмы.

Напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС затрымалі Тацяну Севярынец: падманам завезьлі яе ў пастарунак, сказаўшы, што зь ёй хоча пагаварыць начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Каліноўскі. Але спадар Каліноўскі на размову не зьявіўся, а спадарыню Тацяну дадому ўжо не адпусьцілі:

«Каліноўскі зрабіў так, каб я ўсю „асалоду“ атрымала… Я да апошняга ня верыла, але калі а палове на дванаццатую начы прыйшла жанчына ў міліцэйскай форме, каб мяне абшукаць і дагледзець, я ўсё зразумела. І а 4 раніцы мяне завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня».

Спадарыня Тацяна меркавала, што ў ізалятары давядзецца чакаць да панядзелка: у пастарунку на яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 3 ліпеня падчас акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Але ў Кастрычніцкі райсуд яе павезьлі ўжо сёньня, выклікаўшы дзяжурнага судзьдзю Яўгена Бурунова:

«Сабраліся, я заявіла, што мне патрэбны адвакат і перакладчык. І ўсё — выпісалі мне позву на панядзелак на 14:30 ды, дзякуй Богу, адпусьцілі».

Перад пачаткам «Славянскага базару» віцебскае міліцэйскае начальства абвясьціла, што летась шэраг журналістаў і артыстаў выказалі незадавальненьне залішне жорсткімі захадамі міліцыі па забесьпячэньні правапарадку. І сёлета было вырашана «працаваць больш тактоўна, прыгожа і пільна». Усе якасьці гэтакае міліцэйскай працы Тацяна Севярынец ужо адчула на сабе.

Сёлета фэстываль «Славянскі базар» праходзіць ужо 20 раз. Але вялікага ажыятажу з гэтае нагоды ў горадзе не адчувацца. Толькі ўчора, напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі з сынам Мікалаем, у Віцебску было занадта шмат міліцыі. Дарэчы, прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрый Мядзьведзеў сёлета не даслаў пісьмовага прывітаньня з нагоды адкрыцьця фэстывалю. Выступаў адзін Аляксандар Лукашэнка, і падчас адкрыцьця ён уганараваў прэміяй «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразуменьня» кампазытара Ігара Лучанка.

Чэргі даўжэйшыя, чым па квіткі.

9 ліпеня, другі дзень фэстывалю, у Віцебску ўжо мала адрозьніваецца ад звычайнага выходнага дня. Можа, крыху болей мінакоў — на цэнтральных вуліцах праводзяцца кірмашы і распродажы, і людзі спрабуюць знайсьці ды набыць нешта таньнейшае, без гандлёвых нацэнак. І чэргі да гандлёвых шапікаў куды большыя, чым да білетных касаў.

Цэны на квіткі ў параўнаньні зь мінулым годам падняліся: самыя дарагія каштавалі каля 400 тысяч рублёў. На некаторыя канцэрты квіткоў ужо няма. Але ня толькі таму, што ў фэстывальнай публікі вялікай папулярнасьцю карыстаецца, да прыкладу, расейскі шансон — квіткі выкупляюць прадпрыемствы, у тым ліку і зь іншых гарадоў, распавядае спадар каля касы:

«Быў на аршанскім авіярамонтным заводзе — яны таксама зьбіраюцца на канцэрты. У іх вісела аб’ява, якія ёсьць канцэрты. І людзі выбіралі, большую частку аплочваў прафсаюз, а ім заставалася даплаціць ужо нейкія „капейкі“».

Што да жыхароў Віцебску, то яны за 20 гадоў ужо прызвычаіліся да «Славянскага базару», і не чакаюць нейкіх надзвычай цікавых канцэртаў, за якія варта было б плаціць вялікія грошы:

«Для большасьці жыхароў Віцебску гэта стала звыклай зьявай „прыроды“: ну, зіма, ну, восень, ну, „Славянскі базар“…»

У якасьці бясплатных спосабаў павесяліцца арганізатары «Славянскага базару» сёлета прапанавалі знаёмствы з рэгіянальнымі «падворкамі»: кожны раён Віцебшчыны прадстаўляе сваю гісторыю, этнічныя асаблівасьці і гэтак далей. Праўда, палова экспазыцый называецца падкрэсьлена па-расейску — «Подворье».

Выступаюць самадзейныя артысты.

Амаль на кожным падворку можна сфатаграфавацца ў нейкім антуражы — і спадарыня, якая запыталася, што за пара настойліва запрашае яе стаць побач, была зусім зьбянтэжаная:

«Там нейкія паляўнічыя трафэі — чучала воўка, глушца, мядзьведзя… Прынамсі, тут ідэя зразумелая. Але на дубровенскім падворку я ўбачыла такое: спадарыня кажа — я Кацярына Вялікая, а гэта палюбоўнік мой князь Пацёмкін! І прапануюць сфатаграфавацца зь імі ўсяго за 1 тысячу рублёў».

«Кацярына ІІ» з Дуброўна.

Яшчэ на гэтых «падворках» выступаюць самадзейныя мастацкія калектывы ў народных строях — і гэта бадай што адзінае месца на «Славянскім базары», дзе можна пачуць беларускую мову.

Каб не псаваць імідж «культурнай сталіцы».