Віцебская міліцыя перашкаджае зьбіраць грошы для аштрафаваных

Зьміцер Пчолкін

У сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» зьявлася аб’ява пра збор грошай для аштрафаваных за ўдзел у акцыі 6 ліпеня. Аднак у прызначаным месцы сустрэчы міліцыянты пачалі затрымліваць актывістаў.

Ахвотным ахвяраваць грошы на пагашэньне штрафаў, да якіх былі асуджаныя 15 жыхароў Віцебску, было прапанавана сабрацца а 19 гадзіне каля Галоўпаштамту, на ўскрайку плошчы Перамогі. Як толькі там зьявіўся актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Зьміцер Пчолкін, яго тут жа затрымалі.

«Я стаяў каля Галоўпаштамту, чакаў, хто яшчэ прыйдзе. Да мяне падышоў чалавек у цывільным і тыцнуў пад нос пасьведчаньне — я нават не пасьпеў прачытаць, хто ён такі. Спадар сказаў, што ён затрымлівае мяне для высьвятленьня асобы ды завёў у апорны пункт па вуліцы Жасткова. Там міліцыянты сказалі, што некаторы час мяне патрымаюць, „пакуль усе разыдуцца“. І насамрэч, недзе праз гадзіну мяне адпусьцілі», — распавёў спадар Пчолкін.

Міліцыі ў ваколіцах Галоўпаштамту было вельмі шмат — у форме і ў цывільным адзеньні. Былі таксама невядомыя асобы з рацыямі-навушнікамі і апэратар з камэрай, які здымаў усіх, хто толькі набліжаўся да Галоўпаштамту.

Невядома, ці трапілі на месца сустрэчы тыя, хто даваў абвестку ў інтэрнэце: яны ніякім чынам на вызначаліся сярод іншых мінакоў, таму ахвотныя ахвяраваць грошы проста ня ведалі, да каго зьвяртацца. А міліцыянты тым часам пільна ўглядаліся ў твары і спынялі «падазроных» для праверкі дакумэнтаў. Двое спэцназаўцаў спынілі групу моладзі прыкладна з дваццаці чалавек да распытвалі, куды яны йдуць і адкуль.

У двары жылога дому, набліжэйшага да Галоўпаштамту, схаваўшыся ў кустах бэзу, дзяжурыла міліцэйская машына. Яшчэ адна была прыпаркаваная ў двары на другім баку Маскоўскага праспэкту. Два міліцыянты ўвесь час дзяжурылі ў кутку плошчы Перамогі, дзе меркавалася сустрэча, астатнія патрулявалі саму плошчу на працягу гадзіны. Акцыя па зборы грошай на штрафы была сарваная.