Магілёў: Пяць судоў з прадказальным вынікам

21 ліпеня Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальненьня скаргі пяці грамадзян, якім раней Ленінскі суд Магілёва прысудзіў адміністрацыйныя арышты паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях 3 і 6 ліпеня. Заяўнікі патрабавалі прызнаць пастановы райсуду незаконнымі з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня.

Па гэтак званай "справе 3 ліпеня" адседзелі "суткі" трое журналістаў: Аліна Скрабунова, Ганна Ільіна ды Алесь Асіпцоў. Ленінскі суд прызнаў іх вінаватымі ў тым, што яны ішлі ў несанкцыянаванай арганізаванай калёне й сынхронна пляскалі ў ладкі, каб прыцягнуць увагу грамадзян да нейкіх праблемаў. Праваабаронцу Барыса Бухеля раённы суд прызнаў вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства 3 ліпеня.

Усе журналісты сёньня прадставілі суду дакумэнтальныя пацьверджаньні таго, што 3 ліпеня яны выконвалі сваю працу.

Аліна Скрабунова, якая адседзела 15 сутак пад арыштам, у афіцыйны Дзень незалежнасьці рабіла фотасюжэты для магілёўскага парталу 222.by. Журналістка лічыць, што судзьдзя Сяргей Каралёў не разглядаў справу супраць яе аб’ектыўна:

"Там факты проста відавочныя. Яны кажуць пра фальшаваньне. Забівае, зь якой пагардай была зроблена справа і зь якой пагардай яна сёньня разглядалася. Мяне затрымлівалі не супрацоўнікі праваахоўных органаў. Яны не прадставіліся, не прад’явілі сваіх пасьведчаньняў".

А як судзьдзя адрэагаваў на тое, што вы журналістка і вас затрымалі, калі вы рабілі сваю працу, пытаюся ў спадарыні Аліны:

"Ён сказаў, што зьдзіўлены, што мне далі давучыцца й атрымаць вышэйшую адукацыю пасьля 19-га".

19 сьнежня 2010 году Аліну Скрабунову затрымалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску і асудзілі на дзесяць сутак арышту.

Ганну Ільіну таксама затрымалі, калі яна рабіла для замежнага прадпрыемства "Вэлком" фотарэпартаж пра сьвяточныя ўрачыстасьці ў горадзе. Як і Скрабунову, яе асудзілі за парушэньне двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу. Акрамя ўдзелу ў шэсьці, яна нібыта супраціўлялася пры затрыманьні. Вырак — шэсьць сутак арышту. Сёньня яе скаргу разглядаў судзьдзя Міхаіл Мельнікаў. Ганна Ільіна:

"Судзьдзі павінны ўсё ж рэагаваць на доказы — гэта ж усё ж суды. Адхіленьне вось такіх скаргаў яны чамусьці грунтуюць на суб’ектыўных сьведчаньнях нейкіх асобаў. Яны проста не патрабуюць доказнай базы. Выракі, безумоўна, былі б іншымі, калі б судзьдзя прафэсійна выконваў свае абавязкі".

Судзьдзя Сьвятлана Мартынава не знайшла падстаў, каб задаволіць скаргу Алеся Асіпцова. Ён адседзеў 10 сутак. Не знайшоў падставы для адмены выраку і судзьдзя Андрэй Яфрэмаў па скарзе праваабаронцы Барыса Бухеля, якому ў райсудзе далі сем сутак. Гэты жа судзьдзя пакінуў без задавальненьня скаргу маладафронтаўца Валянціна Лабачова, які адседзеў 12 сутак за маўклівы пратэст 6 ліпеня.

Паводле адміністрацыйных спраў, усіх сёньняшніх заяўнікаў затрымлівалі міліцыянты ў цывільным. Яны ж былі і сьведкамі абвінавачаньня.