Суздальцаў: спрацаваў украінскі фактар

Падчас візыту ў Маскву прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін дамовіліся, што Беларусь з 2012 году будзе атрымліваць расейскі газ са зьніжкай. Перамоўны працэс пра цану "будзе сынхранізаваны з набыцьцём "Газпромам" другой часткі "Белтрансгазу".

Камэнтуючы гэтыя дамоўленасьці палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначыў, што гэта пакуль не падпісаныя пагадненьні. Яшчэ будуць весьціся перамовы і невядома якім будзе паніжальны каэфіцыент.

"Беларускае кіраўніцтва ў поўнай эйфарыі, што, маўляў, затапталі расейцаў. Але такія рэчы не ўпершыню і паглядзім, што будзе далей".

Паводле Суздальцава, узьнікла адметная сытуацыя, бо Расея скарыстала беларускі фактар супраць Украіны.

"Беларусь таксама сакарыстала супраць Расеі фактар Украіны. То бок на прыкладзе Беларусі паказалі ўкраінцам, наколькі выгадна знаходзіцца ў Мытным саюзе. Вядома, што вядзецца цяжкая барацьба, каб Украіна ўступіла ў Мытны саюз. Вось дэманстратыўна прадстўлены некаторыя паслабленьні Беларусі. Невялікія. Там будзе паніжальны каэфіцыент і Расея заплаціць два з паловай мільярды даляраў за 50% "Белтрансгазу". Спрацаваў украінскі фактар, бо Ўкраіна насамрэч больш важная для Расеі".

Гэтыя дамоўленасьці, аднак, адбыліся пасьля нядаўняга ўвядзеньня санкцый ЗША супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

"Мясьніковіч прыехаў з патрабаваньнем кампэнсаваць амэрыканскія санкцыі. Гэта ўразіла, канечне. Але яму адмовілі. Беларусь саджае людзей у турмы, а Расея павінна гэта кампэнсаваць? Пуцін адмовіўся", – адзначыў Суздальцаў.