Мікалая Статкевіча накіравалі разгружаць бярвеньне

Мікалай Статкевіч накіраваны на адну з самых цяжкіх працаў у калёніі — разгрузку бярвеньня. Андрэй Саньнікаў мяркуе, што перамовы з Лукашэнкам за "круглым сталом" магчымыя толькі пра ягоны адыход ад улады. Дзьмітрый Вус папрасіў перадаць у калёнію падручнік ангельскай мовы. Дзьмітрыю Новіку адмаўляюць у доўгатэрміновым спатканьні з маці.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч прызначаны працаваць на лесапілцы. Вядома, што гэта адна з самых цяжкіх і малааплатных прац у Шклоўскай калёніі, дзе трымаюць палітвязьня. Як мяркуе Марына Адамовіч, гэтак яе мужа пакаралі за адмову пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Спраўдзіць свае здагадкі Марына ня можа, бо лісты ад Міколы не даходзяць ужо больш за месяц, няма ад яго і тэлефонных званкоў. Апошнія зьвесткі пра Міколу жонка палітыка атрымала ў лісьце ад іншага чалавека:

Мікола Стакевіч

"Яго накіравалі на лесапілку, цягаць бярвеньні, хоць ягонае здароўе гэтага не дазваляе. Але ёсьць і добрая навіна — яму аддалі больш за сто тэлеграмаў і лістоў, у якіх яго віншавалі з днём народзінаў. Праўда, яшчэ некалькі сотняў не аддалі, але ён хаця б ведае пра іх існаваньне".

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў пракамэнтаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі адносна "круглага стала" з удзелам усіх, каму не абыякавы лёс краіны. Паводле жонкі палітыка Ірыны Халіп, якая размаўляла з мужам праз тэлефон, той сказаў наступнае:

Андрэй Саньнікаў

"Ён сказаў, што перамовы магчымыя толькі па адным пытаньні — аб умовах капітуляцыі і перадачы ўлады. А больш няма пра што размаўляць".

Як кажа Ірына Халіп, Андрэй Саньнікаў мяркуе, што да канца году Лукашэнку прыйдзецца сысьці і цяпер у яго пакуль што ёсьць выбар паміж мірным сыходам і больш драматычнымі падзеямі, якіх палітыку хацелася б пазьбегнуць.

На наступным тыдні адбудзецца доўгатэрміновае спатканьне Андрэя Саньнікава з жонкай Ірынай Халіп. Нагадаю, Саньнікава трымаюць у Наваполацкай калёніі.

Гэтымі днямі, з 29 жніўня па 1 верасьня, адбываецца доўгатэрміновае спатканьне з жонкай і дзецьмі палітвязьня Аляксандра Класкоўскага, вязьня Шклоўскай калёніі. У гэтыя ж дні ў Івацэвіцкай калёніі зь Фёдарам Мірзаянавым сустракаюцца ягоныя маці і бацька. А вось маці Дзьмітрыя Новіка Натальлі адмовілі ў спатканьні з сынам. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Натальлі Новік сказалі, што сын мае нейкае парушэньне дысцыпліны і яму ў чарговым кароткатэрміновым спатканьні адмоўлена. Натальля Новік не выключае, што на сына абрынуліся рэпрэсіі за тое, што ён чарговым разам адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Дзьмітрый Новік адбывае пакараньне 3,5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ў Шклове.

Вядома, што адмовіліся падпісваць такія прашэньні на імя Лукашэнкі таксама Павал Вінаградаў, Андрэй Пратасеня, Эдуард Лобаў, Аляксандар Класкоўскі, Фёдар Мірзаянаў.

Дзьмітры Вус

30 жніўня экс-кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітрый Вус пазваніў жонцы Яўгеніі з магілёўскай калёніі. З размовы з мужам Яўгенія зразумела, што ён знаёмы з тэкстам інтэрвію, якое яна дала пасьля нядаўняй сустрэчы зь ім у калёніі. У гэтым інтэрвію Дзьмітрый Вус заклікаў Эўразьвяз да больш рашучых санкцый адносна беларускага рэжыму. "Усё правільна перадала", — сказаў Вус жонцы. Паводле Яўгеніі Вус, да яе муж зьвярнуўся з просьбай:

"Прасіў падручнікі ангельскай мовы перадаць. Зь ім там нейкі замежнік сядзіць, наколькі я зразумела. Той дрэнна ведае рускую мову, і яны будуць адзін аднаго вучыць. Бо прасіў і рускі падручнік для пачаткоўцаў, і ангельскі".