Экспэрт: Мадэратарам на валютнай біржы будзе Лукашэнка

Беларуская валютна-фондавая біржа сёньня правяла тэставыя таргі дадатковай сэсіі, на якой будзе вызначацца рынкавы курс нацыянальнай валюты. Сталыя таргі на другой сэсіі біржы павінны пачацца праз тыдзень. Тым часам на неафіцыйным рынку пасьля доўгага пэрыяду імклівага падзеньня курсу беларускага рубля адносна замежных валют назіраецца невялікі рост.

Супрацоўнік Беларускай валютна-фондавай біржы Віталь Ціханаў паведаміў, што на сёньняшняй "рэпэтыцыі" дадатковых таргоў не заключалася ніякіх рэальных зьдзелак, ніякіх разьлікаў ці вынікаў у выглядзе курсаў валют таксама ня будзе. Фактычна гэта праверка сыстэмы таргоў, іх тэхнічных і арганізацыйных момантаў:

Гэта як вучэбныя таргі, калі да нас прыходзяць студэнты і набіраюць нейкія лічбы ...

"Гэта звычайнае тэставаньне сыстэмы з прыцягненьнем староньніх удзельнікаў. Гэта як вучэбныя таргі, калі да нас прыходзяць студэнты і набіраюць нейкія лічбы, каб праверыць працаздольнасьць сыстэмы, дзе якія могуць быць хібы, каб потым зрабіць высновы, як усё працуе, ці ўсё ўсіх задавальняе, можа каму інтэрфэйс трэба памяняць ці яшчэ што-небудзь".

Спадар Ціханаў паведаміў, што для таргоў будзе выкарыстоўвацца сыстэма курсаўтварэньня "фіксінг", прынятая ў шмат якіх краінах, дзе курсы валют вызначаюцца на таргах. Раней была інфармацыя, што першыя рэальныя таргі на валютнай біржы ў рамках другой сэсіі пройдуць роўна праз тыдзень, 15 верасьня. Але Віталь Ціханаў ня змог пацьвердзіць гэтую дату:

"Мы працуем паводле дзейнага рэглямэнту, калі будзе зацьверджаны новы — залежыць не ад нас".

Пераход да рынкавага курсаўтварэньня ў доўгатэрміновай пэрспэктыве пазытыўна паўплывае на эканоміку, перакананы старшы аналітык FOREX CLUB у Беларусі Валерый Палхоўскі. Высокі курс замежнай валюты будзе стымуляваць імпартазамяшчэньне:

Больш высокі курс валют, які заўсёды будзе на свабоднай сэсіі ў нашых умовах...

"Больш высокі курс валют, які заўсёды будзе на свабоднай сэсіі ў нашых умовах, таму што попыт усё ж будзе стала перавышаць прапанову, будзе стымуляваць структурную перабудову эканомікі. Сам па сабе гэты мэханізм правільны, іншая справа — як ён будзе рэалізаваны, наколькі інтэнсіўна будзе прымаць удзел Нацбанк у гэтай сэсіі, ці будзе ён спрабаваць стрымліваць валюту на верхняй мяжы калідора, які ён вызначыць сам сабе".

У Нацбанку ж паведамілі, што апошнім часам там павялічылі золата-валютныя рэзэрвы, якія могуць выкарыстоўвацца, каб "згладжваць" асобныя спэкулятыўныя хваляваньні на біржы.

Валерый Палхоўскі дапускае "кропкавыя інтэрвэнцыі" Нацбанку, але ня больш, бо рэсурсаў для фіксаванага валютнага курсу ў яго няма. Іншы фінансавы аналітык, Уладзімер Тарасаў, мяркуе, што вырашаць, рабіць інтэрвэнцыі ці не, будзе не Нацбанк, які выступае на біржы як фармальны мадэратар:

Насамрэч гэта будзе вырашаць не Нацбанк, а прэзыдэнт ...

"Насамрэч гэта будзе вырашаць не Нацбанк, а прэзыдэнт. Гэта ж ён у нас разьмяркоўвае валютныя патокі. Менавіта ён спыніў продаж валюты ў лютым. Таму будуць тэлефанаваць прэзыдэнту і пытацца, ці трэба нам падтрымліваць курс. А ён ужо скажа, трэба ці не".

На думку спадара Тарасава, Аляксандар Лукашэнка такім чынам выконвае функцыі фактычнага мадэратара валютнага рынку.

Тым ня меней, калі заяўленыя ўладамі захады будуць рэалізаваныя, то валютны рынак стабілізуецца, і ўраду трэба будзе зьвярнуць увагу на зьніжэньне ўзроўню інфляцыі і неабходнасьць жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, перакананы прадстаўнік FOREX CLUB у Беларусі Валерый Палхоўскі. У такім выпадку зьнікне і ценявы рынак наяўнай і безнаяўнай валюты, мяркуе ён.

Тым часам чорны наяўны рынак існуе далей, нягледзячы на адміністратыўныя і крымінальныя справы супраць валютчыкаў. Паводле спэцыялістаў, ягоны штодзённы абарот складае каля 22 мільёнаў даляраў. Але ў чаканьні зьменаў на рынку людзі пачалі прытрымліваць валюту. У выніку беларускі рубель на гэтым тыдні пакрыху ўмацоўваецца — прыблізна на 1 працэнт за дзень. Ягоны курс да даляра сёньня склаў 8682 пры куплі і 8402 — пры продажы.

Па-ранейшаму дзейнічаюць шэрыя схемы і на так званым міжбанку — паўлегальным рынку безнаяўнай валюты, які Нацбанк таксама хоча закрыць. Тут курс складае каля 9 тысячаў рублёў за даляр.