У чаканьні "жаночай рэвалюцыі"

Людміла Пеціна

Актыўнага ўдзелу жанчын у Народным сходзе, які прызначаны на 8 кастрычніка, чакае старшыня грамадзкага аб’яднаньня "Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна. Пра гэта яна заявіла сёньня ў Менску на прэсавай канфэрэнцыі "Беларусі патрэбная жаночая рэвалюцыя". Спадарыня Пеціна таксама лічыць, што гендэрная дыскрымінацыя жанчын у Беларусі працягваецца.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня "Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна лічыць, што беларускія ўлады "ўдала маніпулююць жанчынамі ". Гэтую тэзу яна падмацавала некалькімі канкрэтнымі прыкладамі:

"Адукаваныя жанчыны, спэцыялісты, якія працуюць, не пакладаючы рук, многія на паўтары-дзьве стаўкі, аказваюцца беднымі па даходах. Летась мы зрабілі дасьледаваньне, якое паказала, што 53% працоўных жанчын Беларусі бедныя. Ва ўсіх бюджэтных сфэрах яны маюць вельмі маленькія стаўкі. І таму вымушаныя працаваць на паўтары-дзьве. А дзяржаўная статыстыка паказвае заробленыя імі грошы як агульны заробак. І тады гэта выглядае, быццам больш-менш няблага".

у сфэры дзяржаўнага кіраваньня мужчын у 10 разоў болей, чым жанчын ...

І яшчэ адзін факт, які яна прывяла: сярод работнікаў з вышэйшай адукацыяй жанчын — 60%, сярод спэцыялістаў — 74%, а вось на пасадах у сфэры дзяржаўнага кіраваньня мужчын у 10 разоў болей, чым жанчын.

Спадарыня Пеціна ўпэўненая, што жанчыны эмацыйна будуць гаварыць пра свае справы на Народным сходзе:

"Такія крытычныя моманты, як цяпер у Беларусі, для жанчын больш адчувальныя, чым для мужчын. Бо ім трэба і накарміць сям’ю, і выправіць дзяцей у школу, і гэтак далей. Наша грамадзтва стала маўклівым. Але апошнім часам усё часьцей і часьцей чуваць жаночая занепакоенасьць. І я думаю, што жанчыны будуць пра гэта гаварыць на Народным сходзе".

Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя праходзіла ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яе старшыня Анатоль Лябедзька патлумачыў, што гэта невыпадкова:

Анатоль Лябедзька

"Якую б сфэру жыцьця мы ні закранулі, мы выйдзем на дыскрымінацыю жанчын. Нават апошнія падзеі сьведчаць, што жанчыне адводзіцца роля, каб выконваць непрыемную, часам амаральную працу. Усе, хто выносіў прысуд па палітычных працэсах, — гэта жанчыны. А кіраўнікі ўсіх судоў у Менску — мужчыны. І выносіць заведама несправядлівы прысуд прымушаюць жанчын.

Сёньня мы гаворым, зьвяртаючыся да ўсіх жанчын Беларусі, што дзьверы АГП адчыненыя для вас. Мы будзем ствараць матывацыю, каб жанчыны прыходзілі ў палітыку. З наступнага году плянуем адкрыць у кожнай вобласьці хаця б па адной грамадзкай прыёмнай, дзе будзем размаўляць з жанчынамі па самых разнастайных пытаньнях".