Уладзімер Мацкевіч: У рэжыму не застаецца добрых выйсьцяў

Папраўкі ў законы, якія тычацца замежнага фінансаваньня грамадзкіх арганізацый, правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама прапанаваныя папраўкі ў Закон аб КДБ выклікалі рэзкую крытыку ў грамадзтве.

Гэтыя законапраекты маюць антыправавы характар. Яны адмяняюць правы чалавека, ускладняюць іх рэалізацыю ў дзяржаве, заявіў палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Чаму ж беларускія ўлады прымаюць такія законы?

Уладзімер Мацкевіч
«Ад пачатку году рэжым зрабіў такія памылкі і пайшоў на такія крокі, што ў яго проста не застаецца добрых выхадаў са становішча, якое склалася. Ён мітусіцца, і ў гэтай мітусьні ўплыў на прыняцьце рашэньняў маюць людзі, якія не разумеюць, што адбываецца, і прапануюць простыя адказы на складаныя пытаньні. Увогуле, можна сказаць, што мы жывем у надзвычайным становішчы, набліжаным да фашысцкай дзяржавы. Фашызм — гэта спроба вырашыць складаныя рэчы простымі шляхамі, простымі адказамі. І вось тут на дзяржаўныя рашэньні зараз маюць уплыў людзі, якія прапануюць на складаныя пытаньні простыя адказы. І гэтыя простыя адказы вядуць яшчэ больш да паглыбленьня і ўскладненьня гэтай сытуацыі».

Паводле спадара Мацкевіча, стан дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі такі, што яна ня здольная паўплываць на тое, каб дзяржава ўвайшла ў прававое рэчышча.

«Нам трэба найперш нешта зрабіць з сабою, каб мы маглі супрацьпаставіць гэтаму нахабнаму і валюнтарысцкаму рэжыму сваю адназначную пазыцыю. І мець сілу, каб не даваць уводзіць у жыцьцё вось гэтыя спрошчаныя рашэньні».

Алена Танкачова
Старшыня Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова заявіла, што ў гэтай сытуацыі грамадзянская супольнасьць ня мае права маўчаць. Законапраект аб органах дзяржбясьпекі можа пашырыць рэпрэсіўныя паўнамоцтвы КДБ. Праваабаронца адзначыла, што сёньня няма ніякай патрэбы ў пашырэньні функцый гэтай структуры:

«Заканадаўства павінна рэагаваць на патрэбы грамадзтва. Я ня бачу патрэбы ў грамадзтве, каб функцыі КДБ былі пашыраныя такім чынам. Нехта, відаць, бачыць у гэтым патрэбу, зыходзячы зь іншых інтарэсаў. Тады хочацца разумець, у чым палягаюць гэтыя інтарэсы. Больш за тое, грамадзкія арганізацыі і грамадзяне выказваюцца катэгарычна супраць. Значыць такой грамадзкай патрэбы ня толькі не існуе, але такія зьмены выклікаюць рэзкую крытыку. Тады на што накіраваны закон?»

Аляксандар Казулін
Паводле вядомага апазыцыйнага палітыка, былога палітвязьня Аляксандра Казуліна, новыя законапраекты небясьпечныя для тых, хто іх прымае і хто будзе іх выконваць. Бо яны парушаюць Канстытуцыю:

«Агонія ёсьць агонія. І слава Богу, што па-іншаму ён нічога ня можа зрабіць. Спыніць гэта немагчыма. Калі чалавек хворы, калі ў яго вельмі высокая тэмпэратура, то ён не рэагуе ні на што. Калі больш нічога не застаецца, то прымаюцца такія меры, якія нічым не патлумачыць, якія немагчыма абмеркаваць з грамадзтвам, нават з найбліжэйшым атачэньнем. Бо зразумела, чаму яны прымаюцца».